«Нас, блін, гвалцяць! Адкрыйце інтэрнэт!» Як Каранік прыяжджаў гасіць пратэст у горадзенскім драмтэатры

22 верасьня новы старшыня горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік прыехаў у драматычны тэатар, каб сустрэцца з акторамі. Перад гэтым дваіх з тэатральнага калектыву затрымалі на маршы пратэсту, іншыя не дайгралі спэктакль да канца. Адну дзяўчыну з таго спэктакля дырэктар звольніў.

Гаварылі пра брэнд Беларусі, прапановы пратэстоўцаў, няскончаны спэктакль, гвалт на вуліцах, новыя выбары, пра права і чалавечнасьць, дабро і зло.

Сустрэча ішла ня больш за паўтары гадзіны. Дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч не пусьціў журналістаў на сустрэчу і не патлумачыў, чаму менавіта. У рэдакцыі аказаўся аўдыёзапіс размовы. Прыводзім ніжэй яе фрагмэнты.

Дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч

Сцэна першая. Улада. «У мяне з тэатральным мінулым ня склалася»

«Першы раз у тэатры знаходжуся на сцэне. Неяк у мяне з тэатральным мінулым ня склалася. Заўсёды ў гэтым пляне зайздросьціў людзям, якія на яе выходзяць», — пачаў гутарку кіраўнік вобласьці.

«Калегі», — па прывычцы працягнуў ён як былы міністар аховы здароўя і выправіўся на «землякі».

Паводле Караніка, ёсьць «два спрадвечныя рускія пытаньні»: «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?». Ён звычайна шукае адказ на другое пытаньне, бо першае патрабуе «ўдумлівага разбору без эмоцый».

Ён агучыў пазыцыю ўлады, што брэнд Беларусі — спакой і стабільнасьць. Узгадаў нестабільныя 90-я гады. Заўважыў, што маладых людзей стабільнасьць раздражняе, бо яны хочуць руху.

Уладзімер Каранік (у цэнтры) і дырэктар тэатру Ігар Гедзіч (справа)

Зь ягоных словаў, гэты запыт наверсе пачулі. Таму яшчэ да выбараў гаворка ішла пра канстытуцыйныя рэформы і разьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады. Тэрмін на зьмены ў Канстытуцыі — 2 гады. Пасьля зьменаў Канстытуцыі — правесьці выбары органаў улады паводле новага закону.

Некалькі разоў цягам сустрэчы Каранік пытаўся, ці ведаюць артысты, як уносяцца зьмены ў Канстытуцыю. Яму адказвалі, што яны ня мусяць ведаць.

«Мне вельмі сумна вас чуць, бо ў вас пазыцыя і да калектыву, і ўвогуле, я так думаю, да грамадзянскай супольнасьці прыніжальная. У вас інтанацыя прыніжальная. Так, мы ня ведаем Канстытуцыю. Так, мы яе не чытаем, бо мы яе ў грош ня ставім. Гэта па-першае. А па-другое, цяпер такая сытуацыя, што трэба праяўляць актыўнасьць, бо ўжо край», — крыху пазьней падчас сустрэчы заявіла адна зь яе ўдзельніц.

Ёй запляскалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акторы горадзенскага драмтэатру спынілі спэктакль, даведаўшыся, што іх калег затрымалі на маршы. Іх пачалі звальняць. ВІДЭА

Сцэна другая. Голас пратэстоўцаў. «Давайце не плаціць падаткі»

Кіраўнік вобласьці скрытыкаваў шэраг прапановаў пратэстоўцаў.

1. «Давайце забярэм усе грошы з банкаў і купім валюту».

Кароткі адказ: каму ад гэтага горш?

«Дэвальвацыю запусьцілі, на сёньняшні момант ліквіднасьць у банкаў зьнізілі. Пытаньне: якім чынам эканоміка ў краіне і людзям стала жыць лепш?», — пракамэнтаваў Каранік.

Уладзімер Каранік

2. «Давайце не выдаваць нашай краіне крэдыты»

Кароткі адказ: праз гэта пацярпяць мэдыкі і пацыенты.

Паводле Караніка, «сур’ёзныя рэсурсы пайшлі на барацьбу з каранавірусам». Іх плянавалі кампэнсаваць зь Міжнароднага валютнага фонду (80–90 мільёнаў). Да паловы гэтых сродкаў ішла на ахову здароўя, у тым ліку 46 мільёнаў — на даплату мэдыкам за работу ва ўмовах каранавірусу. На грошы Ўсясьветнага банку плянавалі паставіць тры апараты КТ у Горадню. Таксама зь міжнародных грошай хацелі набыць новае мэдычнае абсталяваньне для Горадні і Ваўкавыску.

«На сёньняшні момант выдзяленьне крэдыту прыпыненае. Мы цяпер думаем, зь якіх сродкаў кампэнсаваць гэтыя затраты... Вельмі моцна нам спрасьціла працу», — іранізаваў Каранік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акторку Горадзенскага драмтэатру звольнілі, бо адмовілася пісаць тлумачэньні пра сарваны спэктакль

3. «Давайце ня будзем плаціць грошы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва»

Кароткі адказ: могуць пацярпець кантакты 1-га ўзроўню.

«Мы былі адзінай краінай у сьвеце, дзе кантактам 1-га ўзроўню аплачвалі бальнічны водпуск. Фонду сацыяльнай абароны гэта каштавала вялікіх грошай. Гэта ў выніку давялося гасіць зь бюджэту. Як мы будзем далей восеньню выкручвацца, калі Фонд далей будзе недаатрымліваць, не зусім зразумела», — заўважыў Каранік.

4. «Давайце мы ня будзем плаціць падаткі, каб не было за што ўтрымліваць сілавікоў».

Кароткі адказ: пацярпяць перадусім лекары, настаўнікі і творчыя людзі.

«На падаткі мы ўтрымліваем культуру, адукацыю, ахову здароўя. Гэтыя спэцыяльнасьці таксама ўтрымліваць ня трэба? У нас, калі мы гаворым тут на сцэне, усе прапановы скочваюцца да прапановаў таварыша Шарыкава: „Давайце ўсё ўзарвем і аскепкі падзелім пароўну“. Як паказвае практыка, пароўну не атрымліваецца. Бюджэтная сфэра — работнікі культуры, лекары, настаўнікі — да дзяльбы аскепкаў, як правіла, не пасьпяваюць», — прызнаў Каранік.

Гарадзенцы прыйшлі падтрымаць артыстаў драматычнага тэатру 22 верасьня

Сцэна трэцяя. Пратэсты. «Дзе пасьля вулічных актыўнасьцяў адбылася зьмена ўлады?»

Галава аблвыканкаму скептычна выказаўся пра вулічныя пратэсты.

«Ці вы бачылі хоць адну краіну, дзе пасьля вулічных актыўнасьцяў адбылася зьмена ўлады, дзе людзям пасьля гэтага стала жыць лягчэй і краіна пачала хутчэй разьвівацца?.. Краіна сапраўды патрабуе руху наперад. Краіна патрабуе мадэрнізацыі. Краіна патрабуе інвэстыцый і крэдытных рэсурсаў. Усе забываюць, што грошы патрабуюць цішыні», — пракамэнтаваў Каранік.

На ягоную думку, адбываецца дэвальвацыя правоў.

«Калі людзі ходзяць па вуліцы і нікому не перашкаджаюць, хай ходзяць. Калі я еду па пустыннай дарозе 150 кілямэтраў [на гадзіну], нікому не перашкаджаю — можна ехаць», — разважаў Каранік.

Яго перабіла адна з артыстак і паведаміла, што ейнага брата затрымалі. Каранік адказаў, што для гэтага існуе парадак падачы скаргаў. У залі засьмяяліся. Чыноўнік прапанаваў не перабіваць яго.

Каранік расказаў, што нехта (невядома хто) правёў на нейкай плошчы апытаньне 1100 чалавек. 21% адказалі, што прымаюць удзел у палітычным мерапрыемстве, «уся астатняя тысяча проста праходзіла міма».

Ён зьвярнуў увагу на правы кіроўцаў, якія не маглі праехаць па перакрытых дарогах. Заахвоціў падаваць заяўкі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Калоскім парку (месца дазволенае для мітынгаў, але нешматлюднае. — РС).

«Заяўка будзе максымальна апэратыўна разгледжаная, і калі там ёсьць адказнасьць і ўсё астатняе, яна будзе дазволеная», — заявіў Каранік.

— Мірныя мітынгі не патрабуюць падачы заяўкі, — адказала яму ўдзельніца сустрэчы.

— У якой краіне? — пацікавіўся Каранік.

— У любой. Канстытуцыя гарантуе, — адказалі яму.

Сцэна чацьвёртая. Скандал. «Хірург з рукамі, якія трасуцца, можа рэзаць чалавека?»

Потым Каранік перайшоў да сытуацыі, якая стала штуршком для гэтай сустрэчы, — няскончанага спэктакля. Параўнаў актораў зь лекарам, які адмовіўся завяршыць апэрацыю, кіроўцам, які высадзіў пасажыраў пасярод дарогі.

«Вы згодныя жыць у такой краіне, калі чалавек плаціць грошы за адно, а атрымлівае іншае?», — запытаўся Каранік.

Яму адказалі, што правы ўсяго народу парушаюцца. Караніку даводзілі: артысты думалі, што калегі ў небясьпецы, і хацелі ім дапамагчы, таму не дайгралі спэктакль.

«Скажыце як лекар: хірург з рукамі, якія трасуцца, можа рэзаць чалавека? Вось і я са сьлязьмі на вачах не павінен быў граць гэты спэктакль», — заявіў Караніку актор Васіль Мініч.

Артысты пасьля сустрэчы з кіраўніком вобласьці

Той адказаў, што сапраўдныя артысты з інфарктам даігрывалі спэктаклі і паміралі.

«Я таксама пад уколамі граў спэктаклі», — адказаў актор.

Адна з артыстак успомніла, што ў першыя дні пратэстаў акторы прасілі дырэктара замяніць камэдыі на драматычныя творы, каб быць салідарнымі з народам, а яшчэ таму, што самі яны былі эмацыйна прыгнечаныя.

«Можна ўлічваць спэцыфіку нашай прафэсіі і не спасылацца ўвесь час на Працоўны кодэкс?» — пыталася артыстка.

«Мы працуем душой. Хірургі — рукамі», — працягнула яе калега.

Упершыню за ўсю сустрэчу Каранік не перабіваў выступоўцу.

«Наконт інцыдэнту ў нядзелю. Вы гледзіце на гэта павярхоўна. Вы бачыце непавагу да гледача. Мы гледача вельмі любім. Глядач любіць нас. Мы заўсёды аддаём усё, што ў нас ёсьць, на сцэне. Але калі нашых калегаў, заслужанага артыста забіраюць пад белы ручанькі і выводзяць — мы ня можам не адрэагаваць на гэта. Гэта ня выклік. Гэта не палітызацыя нечага», — працягнула артыстка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У горадзенскім драмтэатры пасьля звальненьня акторкі адмянілі сёньняшні спэктакль. Да тэатру прыехаў АМАП

«Калі б вы жылі зь білетаў, гэта было б адно. Але тэатар фінансуецца дзяржавай», — адказаў Каранік.

«Мы нахлебнікі», — іранічна падыграла яму артыстка.

«Я не сказаў, што вы нахлебнікі», — адказаў Каранік.

«Мы ўвесь час чуем, што нам даюць падачкі», — працягвала артыстка.

Сярэдні заробак актораў у горадзенскім драматычным тэатры, са словаў артыстаў, складае 400–500 рублёў.

Каранік зноў загаварыў аб прававым полі і выкананьні кантракту.

«Як гэта дапамагло? — пытаўся ён пра няскончаны спэктакль. — Давайце кожны ў эмацыйным парыве будзе спыняць працу! Хірург скальпель у стол уваткнуў — неяк сам разьбярэцца».

«Мы яму кажам пра чалавечнасьць, а ён нам пра права», — уздыхнулі артысты.

Сцэна пятая. Гвалт. «Хто даў ім права біць людзей?»

Артысты абурана прыгадалі гвалт у першыя дні пратэстаў.

«Колькі чалавек зьвярнулася пасьля гэтай нядзелі па мэдычную дапамогу? Ніводнага», — парыраваў Каранік.

У залі засьмяяліся. Артысты расказалі, што іхнага калегу ў першыя дні пасьля выбараў моцна зьбілі. Цяпер ён зьехаў за мяжу. Каранік адказаў, што для такіх выпадкаў існуе камісія. Тэатралы адказалі, што справы ўсё роўна не заводзяць. Чыноўнік адказаў, што адна справа за гвалт заведзеная.

Актор Ігар Уланаў выступіў са словамі, што трапіць у рукі сілавікоў — страшней за сьмяротнае пакараньне.

«Бо гэта прыніжэньне чалавечай годнасьці», — дадала ягоная калега.

У залі зааплядзіравалі.

Гарадзенцы пляскаюць акторам драматычнага тэатру

Да Караніка зьвярнуліся з просьбай вырашыць пытаньне, каб сілавікоў на вуліцах не было.

«Людзі без апазнавальных знакаў могуць да мяне падысьці. Я нават ня буду ведаць, злачынцы гэта ці сілавыя структуры. Хаця ў прынцыпе цяпер гэта адно і тое ж», — абуралася артыстка.

«Чаму не прадстаўляюцца, не задумваліся? — запытаўся Каранік. — Яны не баяцца. Калі ў сеціве зьяўляецца прозьвішча, імя, імя па бацьку супрацоўнікаў МНС (пэўна, мелася на ўвазе МУС. — РС) з адрасамі і тэлефонамі, хто даў ім права ўрывацца?»

«Хто даў ім права біць людзей?», — закрычаў у адказ мужчына з залі.

«Каго гвалцяць?», — зьдзівіўся Каранік.

«Людзей», — адказалі яму.

«Якіх людзей?» — удакладніў Каранік.

«Уладзімер Сьцяпанавіч! Нас, блін! Адкрыйце інтэрнэт! Ды вы што! Зайдзіце ў Youtube! Пра што вы кажаце?!» — наперабой абураліся работнікі тэатру.

«Ведаеце, у чым адрозьненьне? У вас крыніца інфармацыі — Youtube», — адзначыў Каранік.

«А ў вас — БТ», — працягнулі фразу за яго.

Нехта выказаўся ў адказ нецэнзурна.

«Я не зьдзіўляюся, чаму на вашыя спэктаклі ходзіць тры чалавекі», — адказаў Каранік.

Сцэна шостая. Выбары. «Меншасьць мусіць падпарадкавацца, трохпрацэнтная»

«А што вы прапануеце рабіць?» — запытаўся Каранік.

«Пералічыць галасы на выбарах!» — выгукнуў мужчына.

Яму таксама зааплядзіравалі.

«Новыя сумленныя выбары», — працягнулі калегі.

Каранік пачаў разважаць, што акторы не павераць выбарчай камісіі на новых выбарах. Калі сабраць новую выбарчую камісію, то ёй таксама нехта не паверыць, і зноў пачнуцца пратэсты «з пагромамі і зьменай ураду».

Яго запэўнілі, што варта паспрабаваць, бо большасьць пагодзіцца, а «трохпрацэнтная меншасьць» павінна будзе падпарадкавацца.

«Гэта вашае меркаваньне, што пагодзяцца», — працягнуў Каранік.

«Нашае! Нашае! Нашае!» — гучна пагадзіліся артысты.

Каранік заявіў, што 3% — гэта лухта.

«Вы былі ў Бэйруце? — зьвярнуўся Каранік да заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленкі, які захацеў выказацца. — А я быў. Таму, калі вы расказваеце пра фантазіі... У мяне не фантазіі. У мяне факты. А ў вас эмоцыі».

«Не. Я быў у Беларусі 9-га, 10-га», — пачаў адказваць Сяргей Уладзімеравіч.

«Я таксама там быў», — перабіў яго Каранік.

«Вы не былі!» — аспрэчыў Курыленка.

«Я — быў», — настойваў Каранік.

Артысты пачалі казаць, як шмат людзей галасавалі за Сьвятлану Ціханоўскую і што іх цяпер падтрымлівае ўвесь сьвет.

«Пра палітыку тут ніхто ня кажа. Тут гаворка пра агульначалавечыя рэчы. Пра дабро і зло, калі хочаце», — патлумачыў яшчэ адзін актор.

Артыстка зьяжджае з сустрэчы з Каранікам

«Гэта бескарысна. Ён ня дзеля таго прыйшоў, каб нас пачуць», — напаўголаса паўтаралі паміж сабой артысты.

«Усё ясна. Вада», — уздыхалі яны.

«Цяпер у нашай дзяржаве нарадзілася нацыя. „Народец“, „овцы“, „наркоманы“, „проститутки“... Мы хочам жыць, быць разам», — напрыканцы размовы выступіла артыстка.

«Што аб’ядноўвае нацыю? Я спрабую пачуць нацыянальную ідэю», — запытаўся Каранік.

«Праўда і справядлівасьць», — адказаў актор.

«Гэта ідэя Вялікай францускай рэвалюцыі», — заўважыў Каранік.

«Не, там было „Свабода, роўнасьць, братэрства“», — падказалі яму.

«А ў нас стабільнасьць? Як на могілках?», — абурылася яшчэ адна ўдзельніца сустрэчы.

«Гісторыю трэба ведаць, каб яна не паўтаралася. А ня браць замшэлыя лёзунгі», — працягнуў Каранік.

«Цяпер рассылка МУС менавіта 37-ы год і нагадвае», — адказала яму акторка.

* * *

«Добра. Уявім, вы сёньня перамаглі. Заўтра вы будзеце сьвяткаваць. А пасьлязаўтра што вы будзеце рабіць?» — запытаўся падчас сустрэчы Каранік.

«Будаваць сваю краіну», — адказалі артысты.