Ганна Шаманская з праекту Радыё Свабода Настоящее время расказвае, хто такі Джын Шарп, якога на постсавецкай прасторы часта называюць ідэолягам «каляровых рэвалюцый», і ці ёсьць пад такімі тытуламі рэальная глеба.
Заходнія «лялькаводы», лічыць Аляксандар Лукашэнка, пабудавалі тактыку беларускіх пратэстаў паводле «клясычнага падручніка каляровых рэвалюцый», які напісаў амэрыканскі палітоляг Джын Шарп. Падчас расейскіх пратэстаў 2011 году намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіслаў Суркоў таксама заяўляў, што актывісты «дзейнічаюць літаральна паводле кніжак Шарпа» і не адхіляюцца ад яго інструкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў пра «сем этапаў сцэнару па зьнішчэньні Беларусі»Яго кнігу празвалі «абшарпанай мэтадычкай». Улады многіх краін, ад Ірану да Вэнэсуэлы, абвінавачвалі Шарпа і створаны ім Інстытут Альбэрта Айнштайна ў працы на ЦРУ: і ў кіраваньні народнымі хваляваньнямі, і ў непасрэдным удзеле ў спробах незаконна зрынаць рэжымы. Сам Шарп у інтэрвію ня раз казаў, што ягоны ўплыў на палітычныя працэсы ў сьвеце перабольшаны.
«Ад дыктатуры да дэмакратыі»
Да ідэі негвалтоўнай барацьбы Шарп прыйшоў у маладосьці — атрымаўшы сацыялягічную адукацыю ў 1951 годзе, праз два гады ён трапіў у турму за адмову ўдзельнічаць у Карэйскай вайне. З двух гадоў, якія яму прысудзілі, Шарп адседзеў дзевяць месяцаў. У турме ён завязаў перапіску з Альбэртам Айнштайнам, які пазьней напісаў прадмову да першай кнігі Шарпа — яна называлася «Маральная зброя ў руках Гандзі» і выйшла ў 1960 годзе. Пасьля Шарп назаве ў гонар вучонага свой цэнтар — Інстытут Альбэрта Айнштайна быў заснаваны ў 1983 годзе і займаецца папулярызацыяй ідэй негвалтоўнага супраціву.
Сутнасьць гэтых ідэй зводзілася да тэзы, што ўся ўлада паходзіць ад людзей. Калі народ адмовіцца падпарадкоўвацца рэжыму, то рэжым падзе. «Дыктатары ніколі ня моцныя настолькі, наколькі яны самі сьцьвярджаюць, — казаў Шарп. — Людзі ніколі не слабыя настолькі, наколькі ім здаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр тэарэтык негвалтоўнага супраціву Джын Шарп. Яму было 90Шарп адзначаў, што часам абысьціся бяз гвалту немагчыма, але яго варта пазьбягаць. На яго думку, гвалт вядзе да яшчэ большага гвалту, а ў гэтым пляне рэжым мае перавагу над народам.
Самая вядомая праца Джына Шарпа — кніга «Ад дыктатуры да дэмакратыі», напісаная ў 1993 годзе. У якасьці дадатку ў яе ўвайшоў апублікаваны Шарпам у 1973 годзе сьпіс 198 мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў. У кнізе Шарп піша, што народ павінен знайсьці слабыя месцы рэжыму, які ён хоча паваліць, — у кожнага рэжыму яны будуць розныя. А значыць, і мэтады негвалтоўнага супраціву трэба ўжываць у адпаведнасьці з гэтымі ўразьлівымі месцамі.
Сярод мэтадаў, якія прапаноўваў Шарп у кнізе, — запуск пэтыцыяў і распаўсюджваньне самвыдату, выкарыстаньне сымбалічных колераў і слоганаў, імітацыя пахаваньня і сьпевы, байкоты і адмова плаціць падаткі, адмова ўдзельнічаць у выбарах і стварэньне альтэрнатыўных рынкаў.
«Ад дыктатуры да дэмакратыі» была першапачаткова напісаная для актывістаў Бірмы (таксама вядомай як М’янма). У краіне тады квітнела вайсковая дыктатура. Шарп кепска ведаў сытуацыю ў краіне, таму напісаў кнігу ў агульных тэрмінах, а не адмыслова пад сытуацыю ў Бірме.
Гэта стала вырашальным для будучыні працы: яе можна было перакладаць на любую мову, а мэтодыкі працавалі ў любым грамадзтве, незалежна ад культуры ці рэлігіі. Сам Шарп больш ня меў ніякага ўплыву на лёс сваёй кнігі і пазьней казаў, што ня ведае, як яна трапіла зь Бірмы за мяжу. Сёньня кніга перакладзеная на некалькі дзясяткаў моваў.
Рэвалюцыі Джына Шарпа
«Аранжавая» рэвалюцыя ва Ўкраіне ў 2004 годзе зрабіла Шарпа знакамітасьцю на постсавецкай прасторы. Гаварылася, што рэвалюцыю праводзяць паводле ягонай «мэтадычкі»: выкарыстаньне сьцягоў і сымбалічных колераў — мэтад №18 з кнігі Шарпа. Сам палітоляг расказваў, што падтрымліваў кантакт з украінскай апазыцыйнай моладзевай арганізацыяй «Пора». У той час арганізацыя называла кнігу Шарпа «сваёй Бібліяй».
«Яны недзе знайшлі асобнік „Ад дыктатуры да дэмакратыі“. Як, я ня ведаю, — казаў Шарп у інтэрвію Бі-Бі-Сі ў 2012 годзе. — Гэтую працу пераклалі, але іх арганізацыя была настолькі бедная, што не было грошай апублікаваць пераклад. Яны даслалі нам імэйлы: дапамажыце трохі грашыма».
«Мы паслалі ім, здаецца, 6000 даляраў. А потым даведаліся, што яны надрукавалі гэтую працу нейкім неверагодным накладам. Гэта быў адзіны выпадак прамога кантакту і нашага ўдзелу ў падзеях „аранжавай“ рэвалюцыі», — казаў Шарп. У арганізацыі тады заявілі, што надрукавалі 12 тысяч асобнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як руйнуюцца дыктатуры. Спадчына Джына Шарпа для БеларусіЗначна больш актыўна палітоляг, паводле яго ўласных словаў, браў удзел у падзеях у краінах Балтыі падчас іх барацьбы за незалежнасьць ад СССР на мяжы 1980–1990-х гадоў. Прадстаўнікі Інстытуту Айнштайна двойчы прыяжджалі ў краіны Балтыі для кансультацый. Ідэі Шарпа знайшлі адлюстраваньне, напрыклад, у арганізацыі пратэстаў у Літве: Вярхоўны Савет Літоўскай ССР у лютым 1990 году прыняў пастанову, у якой грамадзян заклікалі ў выпадку ўвядзеньня «рэжыму актыўнай акупацыі» прытрымлівацца прынцыпаў непадпарадкаваньня, негвалтоўнага супраціву і адмаўленьня ад палітычнага і сацыяльнага супрацоўніцтва як асноўных сродкаў барацьбы за незалежнасьць. Пры гэтым нельга сьцьвярджаць, што пастанова была вынікам балтыйскіх гастроляў Інстытуту Альбэрта Айнштайна.
Кажучы пра ўплыў Шарпа, часта згадваюць і пратэсты ў 2000 годзе ў Сэрбіі, якія прывялі да адстаўкі прэзыдэнта Слобадана Мілошавіча. Тады некаторыя ўдзельнікі сэрбскай палітычнай арганізацыі «Отпор», якія ўдзельнічалі ў пратэстах, пераклалі кнігі Шарпа на сэрбскую мову і заяўлялі, што грунтуюць сваю дзейнасьць на мэтадах палітоляга. Пазьней у Сэрбіі быў заснаваны Цэнтар прыкладнога негвалтоўнага супраціву, які сярод іншых ідэяў распаўсюджвае і мэтады негвалтоўнага супраціву Шарпа. Цэнтар дапамагае актывістам зь дзясяткаў краінаў ва ўсім сьвеце.
«Дʼябал за добрымі справамі»
Сам Джын Шарп трымаўся думкі, што ягоны ўплыў на палітычныя рухі ў розных краінах перабольшаны, і адмаўляўся лічыць свае мэтады экспартным прадуктам ЗША. Вучоны сьцьвярджаў, што ідэі негвалтоўнага супраціву характэрныя для самых розных краін, у тым ліку для Расеі.
«Калі расейцы адмаўляюцца ад сваёй гісторыі і кажуць, што негвалтоўная барацьба — амэрыканскі мэтад, гэта вельмі дрэнна, — казаў ён у інтэрвію. — Вялікая гісторыя негвалтоўнага супраціву ў Расеі — супраць царызму і сталінізму — вельмі ўражвае. Я вельмі шмат чаму навучыўся ў расейцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джын Шарп: калі людзі перастануць баяцца дыктатуры, яе справы – дрэньШарп таксама адмаўляў любыя сувязі з уладамі ЗША і спэцслужбамі краіны. «Я — інструмэнт амэрыканскага ўраду, а яны пасадзілі мяне ў турму на дзевяць месяцаў за грамадзянскае непадпарадкаваньне вайсковаму прызыву? — казаў Шарп у інтэрвію Бі-Бі-Сі. — ЗША — ніякім чынам не анёл. Але ёсьць некаторыя людзі, якія бачаць дʼябла нават за добрымі справамі».
Аб размаху дзейнасьці Інстытуту Айнштайна меркаваць цяжка, але вядома, што ў апошнія гады, акрамя Шарпа, у ім працавала толькі адна супрацоўніца. Офіс арганізацыі ў Бостане разьмяшчаўся на ніжнім паверсе дома, дзе жыў сам Шарп, — у інстытуту ў апошнія гады былі праблемы зь фінансаваньнем, і яны не маглі дазволіць сабе асобнае памяшканьне. Акрамя працы ў інстытуце, Шарп быў прафэсарам паліталёгіі Масачусэцкага ўнівэрсытэту.
Шарп памёр у 2018 годзе ва ўзросьце 90 гадоў.