Наўрад ці Сьвятлана Ціханоўская прыгадвала гістарычную ролю Рагнеды ў лёсе Беларусі, калі вырашыла змагацца з узурпатарам улады і гвалтаўніком законаў і маралі. Фігуральны меч, узьняты яе рукой, стаўся хутчэй вынікам зьбегу абставінаў, чым усьвядомленым выбарам. Але выпадковасьцю, выкліканай зьняволеньнем мужа, гэты крок таксама нельга назваць. Сёлетнія падзеі сталіся каталізатарам эмацыйнага стану грамадзтва, які ў сілу сваёй прыроды найбольш востра адчувае жанчына.
Гістарычныя паралелі
...І тады яна ўзьняла меч. Каб адпомсьціць. За бацькоў, ім забітых. І братоў, ім забітых. І за сябе, зганьбаваную і зьняволеную. І за горад родны, разрабаваны і спалены. За ўсю сваю краіну, зьнішчаную захопнікам за тое, што адмовіла яму: «Не хачу разуці рабыніча...»
Узьнятага над сабою мяча ён не чакаў. Тым больш ад жонкі ці, дакладней, адной з жонак. Ніхто зь іх, а тым больш з васьмісот наложніц трох ягоных гарэмаў не бунтаваў — ведалі і выконвалі сваю дзетародную і целанасалоджвальную ролю. А больш за ўсё не чакаў кіеўскі князь Уладзімер заступніцтва за маці свайго сямігадовага сына. Учынак Ізяслава настолькі яго ўразіў, што ён не забіў Рагнеду. Саслаў яе з сынам назад на паланёную радзіму. Думаў, што ў адным зь яе забытых Богам і людзьмі мястэчак яны ў невядомасьці ціха скончаць адмераныя дні.
Але там, на заслаўскіх пагорках, зь яе, маладое жанчыны з малым дзіцем, пачалося тое, чаго ён не ўлічыў нават пасьля яе замаху на ягонае жыцьцё — сілы духу высакароднай князёўны. Здольная ўзьняць меч змагла аднавіць краіну. Менавіта з жанчыны пачалася новая гісторыя першай беларускай дзяржавы — Полацкага княства. Беспрэцэдэнтны выпадак у тым часе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Лічу сябе народна выбраным прэзыдэнтам
Меч Рагнеды доўгія стагодзьдзі чакаў сваёй новай валадаркі
І ўрэшце гэты меч апынуўся ў тонкай руцэ той, якая была ўжо гатовая ня толькі да помсты за асабісты боль, але і за збалелую пад гвалтам тырана радзіму.
Спачатку, праўда, гэтая рука ўзьняла кветкі. Сьвятлана яшчэ спадзявалася на сілу прыгажосьці. Ды вельмі хутка жывым краскам улада супрацьпаставіла забойчы арсэнал спэцтэхнікі. Выбару не засталося.
Сьціснуты кулак ды імклівае засвойваньне навукі перамагаць — дух Рагнеды можа ганарыцца сваёй абраньніцай.
Пасьля разгрому Полацку ў канцы далёкага Х стагодзьдзя аднаўляць гістарычную справядлівасьць не было каму. Апроч яе, адзінае ацалелае спадкаемцы княскага пасаду. Сем гадоў сьпела ў душы Рагнеды лёсаноснае рашэньне. У хуткаплынным ХХІ стагодзьдзі Сьвятлане спатрэбілася сем дзён, каб прыняць на сябе адказнасьць за будучыню згвалтаванай краіны.
Рагнеда прыбыла ў спустошаную Полаччыну зь невялікім початам сясьцёр-манашак. Ім наканавана было стаць штабам адраджэньня краіны. Уся стратэгія і тактыка фармаваньня новае палітычнае эліты лягла на плечы й розум гэтага адважнага жаночага авангарду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Дыялёг павінен распачацца да 5 лістапада, бо пасьля Лукашэнка страціць легітымнасьцьУ Сьвятланы на момант рэгістрацыі яе ў якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты было не нашмат больш памочніц. Але колькасьць іх расла і расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі.
Ейны палітычны апанэнт успрымае ролю і прызначэньне жанчыны прыкладна так, як і ягоны далёкі ідэйны продак.
Зьвезеныя 17 верасьня ў Менск з усёй краіны добраахвотныя ці прымусовыя прыхільніцы — яскравае таму пацьверджаньне. У шэрагі Сьвятланы становяцца з усьвядомленай рызыкай быць зьбітымі, зьнявечанымі, зьняволенымі. Але жаданьне абараніць свае гонар і годнасьць і самім вызначаць будучыню сваіх дзяцей мацнейшае за страх фізычнага гвалту з боку тых, хто ад прыроды прызначаны быць абаронцам жанчын.
Афіцэр міліцыі, які б’е жанчыну, памнажае шэрагі Ціханоўскай на колькасьць удараў. Сяржант, які ўчапіўся ў кудзеры жанчыны і цягне яе ў аўтазак, павялічвае паўстанцкія калёны на колькасьць выдраных валасоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ня згодная, я тут». Як прайшоў жаночы марш у Менску. ВІДЭААбразы з тэлеэкранаў выводзяць на пратэставыя вуліцы й пляцы столькі новых прыўкрасных сучасьніц, колькі словаў зьнявагі прамовілі нанятыя прапагандысты. Іхны бос — гісторык паводле адукацыі. Але, відаць, ён прагуляў лекцыі пра лёсавызначальны меч Рагнеды.
У полацкай князёўны ўсё атрымалася. Сотні тысяч ейных духоўных дачок інтуітыўна, як гэта могуць толькі прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва, засвоілі на «выдатна» навуку перамогі. Рагнеда зьмяніла хаду падзей, якія здаваліся нязьменнымі. Першая жанчына летапіснай беларускай гісторыі сёньня трымае свой меч над непераможнымі калёнамі сваіх наступніц.
Рагнеда аднавіла Полацкае княства за чатырнаццаць гадоў. У ХХІ стагодзьдзі час ідзе зь іншай хуткасьцю, чым у Х. Што праўда, ня ўсе гэта бачаць — ядвабныя шторы гарэмаў засьцілі сьвятло.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.