Сьцісла:
- Людзі бачаць, што ўлада, спрабуючы задушыць грамадзкі пратэст, выдыхаецца і фізычна, і маральна. «Сілавікоў» не хапае на ўсіх; зь дзяржаўнай сыстэмы пачалі сыходзіць службоўцы.
- Людзі так доўга жылі пры дыктатуры, што некалькі гадзін свабоды падчас маршу пратэсту прыносяць эўфарыю, якую хочацца адчуваць зноў.
- Людзі разумеюць, што назад дарогі няма. Спыніцца — даць магчымасьць уладам падняць хвалю масавых рэпрэсій.
Адметнасьць беларускай рэвалюцыі
Магчыма, вы бывалі на статысячных стадыёнах падчас канцэртаў ці спартовых спаборніцтваў. Магчыма, вы нават удзельнічалі ў статысячных мірных акцыях пратэсту. Толькі ваш досьвед ніяк не дапаможа вам у Беларусі.
Справа ў тым, што калі вы ідзяце ў ста- ці дзьвюхсоттысячнай калёне ў Менску, вы на краі сьвядомасьці трымаеце магчымасьць расстрэлу людзей. Цяпер беларусы ведаюць, што сьвятлашумавыя гранаты ня толькі асьвятляюць і шумяць, яны яшчэ забіваюць і калечаць. Як і гумовыя кулі. Зрэшты, мірнага дэманстранта ў Берасьці забілі баявой зброяй.
Але людзі ідуць, прабіваючыся праз кардоны АМАПу, унутраных войскаў ды іншых «органаў». Ідуць, ведаючы, што іх могуць затрымаць і зьбіць да сьмерці ці дашчэнту скалечыць у катавальнях ізалятараў ці райаддзелаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Месяц беларускай рэвалюцыі. Папярэднія высновыЗа прамінулыя ад дня «выбараў» пяць тыдняў прагучала шмат галасоў пра тое, што беларускі пратэст, беларуская рэвалюцыя выдыхнецца. Людзі стомяцца, бо няма дакладнага пляну і відавочных вынікаў. І вось набліжаецца чарговая нядзеля, і на пяты супольны выхад беларусаў па ўсёй краіне стае ў шыхты ня меней, чым папярэдні раз.
Справа ў тым, што разглядаць падзеі ў Беларусі праз прызму палітычнай барацьбы — неверагодна грубая памылка. У Беларусі фактычна няма палітыкі і палітыкаў. Якая можа быць палітычная барацьба, калі ўлада ад 9 жніўня 2020-га фактычна захопленая і трымаецца на сілавым блёку МУС, КДБ, Аховы прэзыдэнта і, на жаль, арміі, якую ўсе ўбачылі ў цэнтры Менску са зброяй у руках.
У Беларусі адбываецца ўсёнацыянальнае паўстаньне людзей з абсалютна рознымі палітычнымі поглядамі. І калі ў краіну вернецца Закон, а разам зь ім законны прэзыдэнт, законны парлямэнт і законныя суды, вось тады зьявяцца ці адновяцца палітычныя партыі, і палітыка вернецца ў Беларусь.
Дык чаму людзі выходзяць так масава па нядзелях і не спыняюць лякальныя акцыі пратэсту ў будні? Я сам двойчы пабываў унутры таго, што звонку можа выглядаць як натоўп, а я для сябе называю народным сходам.
Калі зьбіраецца людзкое мора пад БЧБ-сьцягамі, на некалькі гадзін у цэнтры Менску (і ня толькі Менску) утвараецца свабоднае ад дыктатуры поле. Людзі проста купаюцца ў перажываньні свабоды, у адчуваньні супольнай радасьці, супольнага псыхалягічнага камфорту. Людзі ведаюць, што іх могуць затрымаць на зваротным шляху, але думкі пра гвалт рэжыму Лукашэнкі на нейкі час проста зьнікаюць. Гэта неверагоднае адчуваньне для людзей, якія стаміліся ад хамскай і шэрай «стабільнасьці» на манер Лукашэнкі. Таму прыхільнікі пераменаў пасьля чарговай акцыі пішуць у сацсетках, што чакаюць наступнага выхаду на вуліцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Месяц беларускага пратэсту: дзень за днём. Інфаграфіка
«Няма канкрэтнай мэты. Што далей?»
Выхады на вуліцы, штотыднёвыя вялікія і штодзённыя малыя, — гэта толькі верхавіна айсбэрга. Гэта акты псыхалягічнай узаемападтрымкі. Уласна рэвалюцыйныя працэсы адбываюцца штохвіліны на сутыку грамадзяніна і сыстэмы «вэртыкалі», якую выбудаваў Лукашэнка. Бацькі ў школах, студэнты ў ВНУ, рабочыя на заводах аб’ядноўваюцца, каб сантымэтар за сантымэтрам адваёўваць свае правы ў лукашэнкаўскай сыстэмы, пабудаванай на пагардзе да асобы і яе правоў.
Што да маршаў, то ўладны бок зьнемагае і псыхалягічна, і фізычна. А гэты бок, бок грамадзянаў, толькі набірае энэргіі, калі бачыць, што сыстэма ня мае сілы кантраляваць больш за некалькі працэнтаў ад вулічных выступаў. Фактычна барацьба адбываецца на экзыстэнцыяльным узроўні. Барацьба цывілізацыйная. Максымальна набліжаная да спрошчанага выбару між дабром і злом.
Што да пэрспэктываў, на апошнім — пятым — маршы ўжо было меней вясёлых плякатаў і пэрформансаў, а больш засяроджанасьці. Людзі ўсё часьцей робяць счэпкі рукамі і адбіваюцца ад нападаў людзей у форме і безь яе. Усё часьцей вядуць тактычныя адступленьні і перасоўваньні. Усе разумеюць, што час карнавалу зьмяняецца на прафэсійнае супрацьстаяньне.
Бо спыніцца — значыць даць Лукашэнку магчымасьць распачаць масавыя рэпрэсіі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.