Генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонію Гутэрыш заклікаў улады Беларусі спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў, расьсьледаваць зьвесткі аб катаваньнях затрыманых і пачаць шырокі дыялёг.
У заяве, зь якой 11 верасьня ад імя кіраўніка ААН выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што сытуацыя ў Беларусі выклікае ў генэральнага сакратара глыбокую трывогу. Гутэрыша асабліва турбуюць няспынныя сілавыя дзеяньні супраць мірных пратэстоўцаў і затрыманьні людзей, якія ажыцьцяўляюць свае законныя дэмакратычныя правы. Ён таксама занепакоены паведамленьнямі аб выкарыстаньні тактыкі запалохваньня супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, СМІ і апазыцыі.
«Генэральны сакратар ААН заклікае ўлады ўстрымацца ад ужываньня сілы супраць тых, хто ўдзельнічае ў мірных сходах, і дамагчыся таго, каб абвінавачаньні ў катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі былі цалкам расьсьледаваныя», — заявіў прэс-сакратар Гутэрыша.
Кіраўнік ААН падкрэсьліў, што «цяперашні крызіс могуць пераадолець толькі самыя беларусы шляхам шырокага, інклюзіўнага дыялёгу». Ён перакананы, што ў інтарэсах стабільнасьці гэты дыялёг трэба пачаць неадкладна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: Дыялёг павінен распачацца да 5 лістапада, бо пасьля Лукашэнка страціць легітымнасьцьГенэральны сакратар ААН ад самага пачатку пратэстаў у Беларусі ня раз зьвяртаўся да ўладаў дзяржавы з заклікам спыніць катаваньні затрыманых. З аналягічнай заявай выступіла і высокі камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, а таксама Камітэт правоў чалавека ААН.
Спэцыяльны дакладчык ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, выступаючы 4 верасьня перад Радаю бясьпекі ААН, заявіла, што сытуацыя ў Беларусі яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай, як у апошні месяц.
«Яшчэ больш трывожна, што сытуацыя надалей пагаршаецца, — сказала яна. — Гэтыя падзеі, беспрэцэдэнтныя для Беларусі, патрабуюць павышанай увагі з боку міжнароднай супольнасьці, бо існуе вялікая рызыка таго, што сьпіраль гвалту можа пагражаць рэгіянальнаму міру і бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідзе неадэкватны гвалт». Беларускія партыі выступаюць за вырашэньне палітычнага крызісу
Экс-кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы 4 верасьня перад Радаю бясьпекі ААН, заявіла аб неабходнасьці неадкладна накіраваць у Беларусь міжнародную групу назіральнікаў ААН для фіксацыі таго, што адбываецца ў краіне. Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ цяпер мае патрэбу ў дапамозе з боку ААН, каб «спыніць абуральнае парушэньне правоў чалавека і цынічную непавагу да права на чалавечую годнасьць у цэнтры Эўропы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА