У Менскім абласным судзе 11 верасьня разгледзелі пазоў аб’яднаньня «Беларуськалій» да страйкаму прадпрыемства. Судзьдзя Валянціна Караткевіч падтрымала пазоў «Беларуськалію» і прызнала забастоўку незаконнай.
У рашэньні суду сказана, што страйк прызнаны незаконным на ўвесь яго час. Прадстаўніца юрыдычнай службы Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Марына Дубоўская сказала карэспандэнту Свабоды, што яшчэ не прынятае рашэньне, ці будзе пастанова суду абскарджана. «Яшчэ чакаем тэксту пастановы суду, толькі тады будзе вырашацца, што далей», — сказала юрыст НПГ.
У рашэньні суду адзначаецца, што асобныя працаўнікі «Беларуськалію» працягваюць страйкаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае непрызнаньне Лукашэнкі?Падчас суду заслухалі былога старшыню страйкаму Сяргея Шыца. Другі сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун адбывае адміністрацыйны арышт.
Паводле Сяргея Шыца, у пачатку забастоўкі 17 і 18 жніўня страйкам прадстаўляў інтарэсы ад 6 да 7 тысяч працаўнікоў «Беларуськалію». Страйкавы камітэт сфармуляваў і перадаў кіраніцтву кампаніі ў асноўным палітычныя патрабаваньні, сярод якіх адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і прыцягненьне яго да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.
Але ў наступныя дні рашучасьць шахтароў зьнізілася. Сяргей Шыц палічыў страйк беспэрспэктыўным і выйшаў са страйкаму.
18 і 19 жніўня сталі зьбіраць інфармацыю пра колькасьць ахвочых далучыцца да страйку. «Ад руднікоў прыяжджалі прадстаўнікі, яны казалі пра такую колькасьць», — сказаў Сяргей Шыц. Але, паводле яго, агульнага сходу ўсіх працаўнікоў «Беларуськалію» і таемнага галасаваньня не было.
Былы сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» Сяргей Шыц расказаў пра сход каля офісу аб’яднаньня 14 жніўня, зь якога пачаўся страйк.
Паводле Сяргея Шыца, прычынай сходу людзей, і ня толькі працаўнікоў аб’яднаньня, сталі вынікі выбараў і гвалт супраць пратэстоўцаў.
«Людзей абурылі факты гвалту міліцыі. Тое, што і ў нас у горадзе хапалі людзей, білі іх без ўсялякіх прычын. На сходзе вылучалі толькі палітычныя патрабаваньні, магу іх пералічыць», — сказаў Сяргей Шыц, але судзьдзя Валянціна Караткевіч яго спыніла.
Сяргей Шыц згадаў, што патрабаваньні на сходзе агучыў Анатоль Бокун, які запатрабаваў, каб цягам двух дзён на іх былі атрыманыя адказы. Аднак пасьля выходных нічога не зьмянілася і, з словаў Сяргея Шыца, працаўнікоў «Беларуськалію» гэта яшчэ больш абурыла.
«Людзей зразумелі, што іх не пачулі, тады і пачаліся размовы пра страйк, стыхійна пачалі фармавацца страйкамы на рудніках.
«Прыходзілі людзі і падпісваліся за тое, каб страйкаваць. Таксама галасавалі за страйкам, абіралі ў страйкам па 2 чалавекі ад рудніка», — згадаў Сяргей Шыц.
«Ад пачатку былі толькі палітычныя патрабаваньні, але потым прыйшла інфармацыя, што адміністрацыя ў адказ на страйк зьбіраецца прыпыняць дзеяньне калектыўнай дамовы, і таму мы ўключылі ў сьпіс патрабаваньняў і захаваньне калектыўнай дамовы», — згадаў Сяргей Шыц. Ён паведаміў, што а 18-й гадзіне 17 жніўня ў Салігорску адбыўся шматлюдны сход, на якім ён зачытаў пратакол аб стварэньні страйкаму і пералічыў патрабаваньні. «Шмат людзей далучаліся і там, ставілі подпісы», — сказаў Сяргей Шыц.
Паводле Сяргея Шыца, 18 жніўня ён пабачыў, што ўдзельнікаў страйку стала менш.
А 14-й гадзіне Сяргей Шыц з паплечнікамі са страйкаму прыехаў да генэральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, каб перадаць яму пастанову камітэту аб страйку зь пералікам патрабаваньняў, але дырэктара на працы не было. Толькі ўвечары Анатоль Бокун на прадпрыемстве перадаў Івану Галаватаму гэтыя рашэньні. Пазьней Бокун перадаў Шыцу адказ дырэктара — іхны страйк незаконны.
«Былі цяжкія дні, людзі ня ведалі, што далей рабіць. У выніку мы дзейнічалі як кляпан, каб не разарвала гэтую судзіну», — сказаў пра тыя дні Сяргей Шыц.
Судзьдзя спытала, ці карэктаваліся патрабаваньні страйкаму. Паводле Сяргея Шыца, на адным з паседжаньняў страйкаму 18 ці 19 жніўня гучала прапанова адысьці ад палітычных патрабаваньняў.
«Шмат чаго прапаноўвалі, але заставалася патрабаваньне спыніць генацыд супраць людзей», — сказаў Сяргей Шыц.
Паводле Сяргея Шыца, увайсьці ў страйкам яго прасілі калегі з працы. А 17 жніўня на паседжаньні ў офісе Незалежнага прафсаюзу гарнякоў ён сам прапанаваў абраць адразу двух сустаршыняў, што і зрабілі, абраўшы сустаршынямі страйкаму яго і Анатоля Бокуна.
Але ужо праз два дні, 19 жніўня, як кажа Сяргей Шыц, ён убачыў, што страйк ня мае пэрспэктываў, людзі пачалі выходзіць на працу, і на наступны дзень ён папрасіў выключыць яго са страйкаму.
«А ўжо 21 жніўня я прыйшоў да свайго кіраўніка і сказаў, што гатовы далей працаваць», — сказаў Сяргей Шыц. Ён паведаміў, што на «Беларуськаліі» да яго захадаў не прымалі, але ў міліцыі зь ім размаўлялі.