Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае непрызнаньне Лукашэнкі?


Будынак Сэйму Літвы
Будынак Сэйму Літвы

Сэйм Літвы прызнаў Ціханоўскую нацыянальна абраным лідэрам Беларусі, а Лукашэнку — нелегітымным кіраўніком. Што гэта будзе азначаць для двухбаковых адносінаў? Чым стаўленьне Эўразьвязу ў цэлым да Лукашэнкі адрозьніваецца ад стаўленьня да яго пасьля папярэдніх выбараў? Як такая пазыцыя Эўразьвязу паўплывае на пляны Масквы адносна Беларусі?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі Рыгор Астапеня і Андрэй Казакевіч.

Казакевіч: З боку Літвы пакуль ідзе размова пра непрызнаньне Лукашэнкі кіраўніком Беларусі дэ-юрэ, а не адмова камунікаваць зь ім дэ-факта. Эўрапейская Рада вырашыла, што Лукашэнка згубіць легітымнасьць пасьля сканчэньня яго бягучых прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Рашэньне Сэйму прымеркаванае да сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным 14 верасьня. Калі Лукашэнка там падпіша новую інтэграцыйную дамову, Літва ня будзе лічыць гэтую дамову легітымнай.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Астапеня: Немагчыма на 100% даказаць, што Ціханоўская перамагла на выбарах. Прызнаньне яе нацыянальна абраным лідэрам стварае калізію паміж Ціханоўскай і Лукашэнкам. Беларусь яшчэ на адзін крок стала бліжэй да таго, што сталася ў Вэнэсуэле. Беларусь пагружаецца ў нейкую «шэрую» зону. Я не ўяўляю сабе, як Міністэрства фінансаў будзе выпускаць эўрабонды і як заходнікі будуць весьці перамовы зь беларускімі ўрадоўцамі.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Казакевіч: Раней Эўразьвяз не прызнаваў дэмакратычны характар выбараў, цяпер пад пытаньне пастаўлены іх вынік. Гэта заўсёды ня чыста юрыдычнае, а палітычнае пытаньне. Раней перамога Лукашэнкі прызнавалася несумленнай, але прызнавалася. Цяпер не прызнаецца. Так пытаньне раней ніколі ня ставілася. Што гэта практычна азначае, пакуль не зусім зразумела. Гэта безумоўна адаб’ецца на эканамічных стасунках, у прыватнасьці, на магчымасьці атрыманьня міжнароднай дапамогі, крэдытаў, праграмаў супрацы з Эўразьвязам. Ну і зразумела, будуць пастаўленыя пад сумнеў любыя дамовы, якія будуць пазбаўляць Беларусь часткі сувэрэнітэту.

Астапеня: Калі расейцы нешта прыватызуюць у Беларусі па згодзе беларускіх уладаў, права ўласнасьці новых гаспадароў можа быць пастаўленае пад сумнеў з боку ЭЗ і выклікаць супраць іх эўрапейскія санкцыі. Будзе замарожаная значная частка сфэры дзейнасьці беларускай дзяржавы. Ці вернуцца адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю на ранейшы ўзровень, як гэта было пасьля 2010 году? Думаю, што Беларусь ужо ня вернецца ў мінулае.

Я ня бачу магчымасьці адкруціць сытуацыю назад. Я ня думаю, што беларускае грамадзтва астыне. Расейцы хутчэй будуць стэйкхолдэрамі транзыту, чым тымі, хто будзе наўпрост кіраваць Беларусьсю.

Казакевіч: Уключэньне ці неўключэньне Лукашэнкі ў сьпіс неўязных — чыста сымбалічны крок. Гэтак жа і Пуцін ня быў уключаны ў сьпіс неўяздных. Лукашэнка цяпер аказваецца для Крамля вельмі дарагім. Думаю, што схема, якую прасоўваюць расейцы — гэта абхаскі варыянт. Непрызнаныя дамовы, нявызначаны статус. Інкарпарацыі ня будзе. Канстытуцыйную рэформу ў Беларусі прасоўваюць расейцы, гэта не ініцыятыва Лукашэнкі, каб некага супакоіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG