Памежны камітэт Беларусі адказаў мітрапаліту Кандрусевічу. Ён па-ранейшаму ня можа прыехаць на радзіму

Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч — мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Архіўнае фота.

Як паведаміў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі, ягонае ведамства выслала адказ кіраўніку Беларускага касьцёлу Тадэвушу Кандрусевічу на ягоную скаргу з прычыны забароны на ўезд у краіну з-за мяжы.

31 жніўня лідэра беларускіх каталікоў Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся з Польшчы, нягледзячы на тое, што ён грамадзянін Беларусі.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі атрымаў скаргу ад Кандрусевіча і паслаў адказ.

«Адказ накіраваны. Але паколькі гэта асабістая перапіска, мяркую, справядліва зьвярнуцца па камэнтар да Тадэвуша Ігнатавіча», — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся з-за мяжы: «Пралілася кроў, тысячы людзей зняволеныя, шмат пакалечаных»

Пакуль Тадэвуш Кандрусевіч не даступны для камэнтару, але, як патлумачыў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юры Санько, мітрапаліт прасіў не публікаваць зьмест гэтага адказу.

Аднак зразумела, што ён не задаволены адказам, бо па-ранейшаму ня можа ўехаць у Беларусь, і накіраваў новыя скаргі ў Генэральную пракуратуру і МУС Беларусі, — паведаміў Юры Санько.

Тлумачэньняў, на якой падставе дзейнічае забарона на ўезд грамадзяніну Беларусі ў сваю краіну, ад памежнікаў па-ранейшаму няма. Паводле Юрыя Санько мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч будзе працягваць змагацца за права ўехаць на радзіму, ён застаецца кіраўніком Беларускага касьцёлу, але на выгнаньні.

Тым часам МЗС Беларусі паведамляе пра рабочы візыт у Беларусь сакратара ў адносінах зь дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту Сьвятога Пасаду, архібіскупа Пола Рычарда Галахера, візыт адбудзецца 11-14 верасьня, сёньня з архібіскупам сустрэнецца міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч з-за мяжы перадаў зварот у сувязі з пачаткам новай малітоўнай акцыі за мір у Беларусі