Беларусь не дае гарантыяў паставак нафтапрадуктаў праз расейскія парты — расейскі экспэрт

Нафтавы тэрмінал у расейскім порце Усьць-Луга

Канцэрн «Белнафтахім» пацьвердзіў пачатак падрыхтоўкі і перамоваў для перакіданьня экспартных плыняў беларускіх нафтапрадуктаў зь Літвы ў расейскія парты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім» заявіў, што выконвае загад Лукашэнкі аб пераводзе транзыту зь літоўскіх партоў на расейскія

Што гэта будзе значыць для выдаткаў на транзыт — на гэтае пытаньне мы папрасілі адказаць эканамічнага аглядальніка парталу TUT.BY Аляксандра Зайца.

«Паводле ацэнак экспэртаў, кошт перавалкі нафтапрадуктаў праз Клайпеду ў два разы ніжэйшы, чым праз Усьць-Лугу. Лягістычна Клайпеда бліжэй, чым расейскія парты. Гэта ня першая спроба пераарыентацыі. У 2017–2018 гадах расейская чыгунка прапаноўвала зьніжку 50% на перавозку беларускіх нафтапрадуктаў у расейскія парты. Ужо тады лічылі, што пастаўка праз Расею аказвалася даражэйшая, чым празь Літву» — кажа Аляксандар Заяц.

Ён прыгадаў учорашнюю заяву міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака, што размова можа ісьці пра 3–4 мільёны тон нафтапрадуктаў. Гэта той максымум, які беларускі бок пастаўляе ў Клайпеду. І гэта той максымум, які здольныя прыняць, «пераваліць» расейскія парты.

Паводле Аляксандра Зайца, у 2017 годзе было падлічана, што розьніца паміж цаной перавалкі праз Клайпеду і праз расейскія парты складае 10 даляраў на тоне. «Я ня думаю, што гэтыя суадносіны істотна зьмяніліся. Дадатковыя выдаткі нескладана падлічыць. 10*4 мільёнаў — дадатковыя 40 мільёнаў даляраў», — сказаў экспэрт.

Ён таксама нагадаў, што асноўны транзыт грузаў зь Беларусі празь Літву — гэта калійныя ўгнаеньні. «Я ня бачыў паведамленьняў пра тое, што гэты транзыт таксама зьбіраюцца павярнуць на Расею. Гэта будзе вельмі па-дурному, калі гэта зробяць», — адзначыў эканамічны аглядальнік парталу TUT.BY.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст: Прадаваць нафтапрадукты праз Расею, як прапануе Лукашэнка, — гэта проста нерэнтабэльна

Пра магчымасьці і праблемы перанакіраваньня транзыту беларускіх нафтапрадуктаў зь Літвы на Расею расказаў у інтэрвію латвійскаму «Спутніку» вядучы аналітык Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Ігар Юшкоў.

Ігар Юшкоў

«Складана будзе зрабіць гэта апэратыўна. Цяпер нафтапрадукты зь беларускіх НПЗ можна экспартаваць праз расейскія парты, дастаўляючы іх туды па чыгунцы. Магчымы таксама варыянт перапрафіляваньня наяўных нафтаправодаў у нафтапрадуктаправоды. Калі ж казаць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву, самы аптымальны варыянт — пабудаваць нафтапрадуктаправод на Усьць-Лугу са зручным маршрутам. Аднак для кожнага варыянту патрэбныя гарантыі загрузкі, а беларусы такіх гарантый не даюць», — растлумачыў Юшкоў.

Ён нагадаў, што ў сувязі з падатковым манэўрам беларускі экспарт нафтапрадуктаў у бліжэйшыя гады можа істотна зьнізіцца: «Праз Расею мае сэнс пускаць прынамсі пяць мільёнаў тон — расейскія парты гэта вытрымаюць. Узьнікае пытаньне, колькі Беларусь зьбіраецца экспартаваць у будучыні. Пры ўмове працягу расейскага падатковага манэўру Беларусь да 2024 году будзе купляць расейскую нафту па сусьветных цэнах. Калі яны перапрацуюць яе, ня выключана, што атрыманыя нафтапрадукты акажуцца неканкурэнтаздольнымі на эўрапейскім рынку. Тады экспарт як такі скароціцца, і ня будзе чаго перавальваць праз парты».

Расейскі экспэрт, як і беларускі, прыгадаў, што раней Менск адмаўляўся ад расейскага транзыту: «Да гэтага часу яны адмаўляліся ад расейскага транзыту і нічога праз РФ не пускалі, нават калі была дадзеная зьніжка 50% на перавозкі па чыгунцы. Менавіта да Менску пытаньне, чаму ён гэтага ня робіць. Незразумелая афіцыйная пазыцыя Беларусі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве — ці забудзе яна гісторыю разладу з Прыбалтыкай. Пакуль, незалежна ад рыторыкі, бізнэс захоўваецца і беларускі экспарт празь Літву працягваецца».