З бабруйскага ізалятара пасьля 7 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю Віталь Красьніцкі, адзін з ініцыятараў стварэньня страйкаму на «Белшыне», звольнены 27 жніўня нібыта за прагул.
Актывіст кажа, што асудзілі яго за ўдзел у мясцовай акцыі пратэсту 30 жніўня. Па ягоных словах, у аддзеле міліцыі, куды яго даставілі адразу па затрыманьні, яму абвязалі твар бел-чырвона-белым сьцягам, паклалі на падлогу і пад галаву паклалі туфлі. Паводле Красьніцкага, такім чынам міліцыянты імкнуліся ня даць яму магчымасьці нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні.
28 жніўня, калі Віталя Красьніцкага затрымалі першы раз, ён сам сабе разьбіў нос, каб дамагчыся вызваленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст з Бабруйску кажа, што разьбіў сабе нос у міліцыі, дзе яго прымушалі сфатаграфавацца з партрэтам ЛукашэнкіКрасьніцкі кажа, што пасьля ляжаньня на падлозе ў міліцыі з ізалятара выйшаў брудны. Таксама адзначае, што на яго склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы.
Паводле ягоных зьвестак, міліцыя шукае падставы, каб пачаць і крымінальны перасьлед.
Пакуль Віталь Красьніцкі быў у ізалятары, да яго дамоў прыходзілі міліцыянты зь невядома якімі намерамі. У кватэры, аднак, быў брат. Гэтага, кажа суразмоўца, яны не чакалі і сышлі.