4 верасьня з Горадні пачалася пэрэгрынацыя фігуры сьвятога Міхала Арханёла па катэдральных касьцёлах усіх дыяцэзіяў у Беларусі дзеля хутчэйшага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу ў краіне.
З гэтай нагоды кіраўнік Беларускага каталіцкага касьцёлу мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які вымушана знаходзіцца за мяжой, бо ўлады Беларусі не пускаюць яго ў краіну, парушаючы канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня, перадаў зварот.
«Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёньня будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня, — піша мітрапаліт. — Зьвяртаюся да вас з гэтым пастырскім словам з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца з прычыны забароны вяртаньня на Радзіму.
Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртаньня да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаваньне, якое ахвярую ў інтэнцыі хучэйшага і мірнага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інструкцыі мне можа даваць папа Рымскі». Расказ арцыбіскупа Кандрусевіча, якога не ўпусьцілі ў краіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліта Кандрусевіча памежнікі не ўпусьцілі у Беларусь з тэрыторыі Польшчы. Без тлумачэньня прычын