На сустрэчу з Валерам Варанецкім прыйшлі больш за 150 чалавек. Яны хацелі ўведаць яго стаўленьне да выбараў і жнівеньскіх падзеяў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі адразу пагадзіўся на прапанову выбарнікаў сустрэцца. Сам дамовіўся наконт месца — у Менскім раённым доме культуры. На сустрэчу зь ім прыйшлі больш за 150 чалавек, крэслаў хапіла ня ўсім.
«Выбары былі праведзеныя такім чынам, што не выклікаюць даверу ў грамадзян»
«Вы, напэўна, ужо зразумелі, што перад вамі той дэпутат, зь якім вы хацелі сустрэцца, пачаў прамову Варанецкі. — І які сам з вамі хацеў сустрэцца. Я хачу сказаць два словы. Папраўдзе я даўно ўжо не сустракаўся з сваімі выбарнікамі ў такой колькасьці. Я ўдзячны вам за тое, што вы вырашылі свой асабісты час патраціць на размову са мной для размовы. Абяцаю, што буду з вамі шчырым і адкрытым».
Арганізатары сустрэчы адразу абазначылі тэму: «Мы хочам зразумець вашую пазыцыю ў важных пытаньнях». Дэпутату далі некалькі хвілін для прамовы. Яе некалькі разоў перарывалі воплескамі.
«Самае галоўнае, што ўсе мы з вамі грамадзяне Беларусі, — пачаў Валер Варанецкі. — І нам неабыякавы лёс нашай краіны. Самае галоўнае, што ўсе мы любім сваю Беларусь, свой дом. Усе мы хочам, каб мы самі і нашыя дзеці і ўнукі жылі ў гэтай краіне і адчувалі сябе ў поўнай бясьпецы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутат Варанецкі заклікаў расьсьледаваць факты гвалту з боку сілавікоўГаворачы пра выбарчую кампанію, Валер Варанецкі выказаў шкадаваньне, што беларускае заканадаўства дазваляе абскарджваць вынікі выбараў толькі ў ЦВК.
«На жаль, я думаю, большасьць людзей мяркуе, што выбары былі праведзеныя такім чынам, што яны не выклікаюць даверу ў грамадзян, — сказаў Варанецкі. — Адказнасьць за гэта ляжыць на Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўладзе... Заканадаўства аб выбарах павінна быць кардынальна зьмененае і адпавядаць тым патрабаваньням, якія прад’яўляюцца да выбараў міжнароднымі арганізацыямі і намі з вамі. Мы павінны быць упэўненыя, што нашыя галасы ня скралі, не сфальсыфікавалі».
«Я салідарны з тым, што людзі абураныя»
Выказаў Валер Варанецкі і стаўленьне да пратэстаў пасьля асноўнага дня галасаваньня. А таксама да дзеяньняў сілавікоў.
«Людзі мелі права абурыцца тым, як былі арганізаваныя выбары, — сказаў дэпутат. — І людзі маюць права на мірны пратэст Мы ўсе павінны разумець, што гэтая краіна, гэтая зямля належыць народу. І некалі нашыя продкі абаранялі яе з кроўю, з потам, каб мы жылі на гэтай зямлі, будучы гаспадарамі. Народ — крыніца ўлады — мае права вызначаць, як жыць на гэтай зямлі.
Я салідарны з тым, што людзі абураныя. Людзі маюць права сваё абурэньне паказаць дзяржаве. На жаль, замест таго, каб з разуменьнем падысьці да гэтага, выйсьці на дыялёг, улады паказалі сілу. Быў пяройдзены рубікон, тая чырвоная рыса, за якую пераходзіць было нельга. Канстытуцыя гарантуе нам павагу да нас, грамадзян. І катэгарычна не дапускае гвалту, катаваньняў».
Валер Варанецкі таксама асудзіў нядаўнія затрыманьні студэнтаў, журналістаў, і нядопуск у Беларусь Тадэвуша Кандрусевіча. Пасьля выступу прысутныя пачалі задаваць Варанецкаму пытаньні. Дэпутат паабяцаў асабіста зьвярнуцца ў ЦВК і пераказаць пытаньні аб правядзеньні выбараў і парушэньнях, якія сабралі прысутныя на сустрэчы.
«Білі, каб я апамятаўся»
«Зразумела, што падчас галасаваньня адбывалася нешта ня тое. Я вам адказу на гэта даць не магу. Думаю, што трэба, каб вы зараз перадалі мне сабраныя вамі факты парушэньняў, — сказаў дэпутат. — Мы з памочнікам іх перададзім у ЦВК і аб выніках праінфармуем вас... Мы гэта зробім, нават не сумнявайцеся. Пытаньне ў тым, які адказ мы атрымаем».
Гучалі на сустрэчы пытаньні пра крымінальную адказнасьць за фальсыфікацыю вынікаў выбараў. На іх адказваў памочнік Варанецкага. Зь яго словаў, ініцыяваць разбор такіх фактаў мусяць праваахоўныя органы. Перад пытаньнямі аб гвалце сілавікоў арганізатары сустрэчы паказалі Валеру Варанецкаму некалькі ролікаў з жорсткімі дзеяньнямі сілавікоў, зьнятых на вуліцах Менску ў першыя дні пасьля выбараў 9 жніўня. Таксама перад дэпутатам выступілі самі пацярпелыя і відавочцы.
«Мне 54 гады. Я быў у адпачынку, не цікавіўся палітыкай да жніўня, — сказаў адзін зь іх, Шаўструк Канстанцін. — На выбары прыехаў зь лецішча, прагаласаваў. Я нічога ня ведаў, пайшоў 10 жніўня ў госьці. Дачка мне пазваніла зь Пецярбургу, расказала, што людзей забіваюць. Я пайшоў сам паглядзець, што адбываецца. Маю некалькі відэа. Бачыў лінію АМАПу, думаў, што яны нас ахоўваюць. Бачыў, што людзей загружалі ў аўтазакі. Людзі стаялі, маўчалі. Гэта ня быў мітынг. Людзей ніхто не прасіў разыходзіцца. Я лічу, што гэта аўтагенацыд. Я ня ведаю, чыя гэта віна. Але, думаю, мы здагадваемся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦААндрэй Вяршэня стаў адным з пацярпелых ад сілавікоў. Ён быў 9 жніўня ля стэлы.
«Прыехаў тады, калі там ужо рваліся гранаты, — расказаў Вяршэня Варанецкаму. — Я паглядзеў на гэта і паехаў дадому. 12 жніўня я ехаў праз „Рыгу“ (гандлёвы цэнтар. — РС), вёз сябра дадому. Нас спынілі на скрыжаваньні, загадалі паказаць тэлефоны, пабачылі тое, што я зьняў ля стэлы, і пачалі мяне біць. Проста адбівалі мяса ад касьцей у аўтазаку. Каб мяне выцягнулі з гранатай у руцэ, я б мог гэта зразумець. Але мяне выцягнулі з маёй машыны... Білі ўсіх. У другім аўтазаку нас засадзілі ў маленькі „стакан“, там я страціў прытомнасьць. На Акрэсьціна мяне білі, каб я апрытомнеў. Лекар там мне даў таблетку, затым прыехала „хуткая“. Левай нагі я ўжо не адчуваў. У мяне толькі адно пытаньне — за што і хто за гэта адкажа? Я напісаў заяву ў Сьледчы камітэт тыдзень таму. Адказу ніякага няма».
«Вінаватыя павінны быць пакараныя»
З словаў Валера Варанецкага, ён гатовы пракантраляваць вынікі праверкі, якую правядзе Сьледчы камітэт.
«Вінаватыя павінны быць пакараныя, — сказаў дэпутат. — Закон у нас адзін для ўсіх. Калі мы гэтага не забясьпечым, то пяройдзем на стадыю беззаконьня. Мы згубім сваю дзяржаву. Пра гэты выпадак я гавару вам, што давайце разам папрацуем».
Словы дэпутата Варанецкага некалькі разоў перарываліся абурэньнем прысутных на сустрэчы. Перад ім выступілі яшчэ некалькі пацярпелых ад дзеяньняў міліцыі пасьля затрыманьня і ўвязьненьня на Акрэсьціна. Кожны зь іх з падрабязнасьцямі расказаў пра зьбіцьцё АМАПаўцамі і атрыманыя траўмы.
«Я хацеў бы падзякаваць Валеру Ёсіфавічу за тое, што ён пагадзііўся арганізаваць гэтую сустрэчу, — сказаў адвакат аднаго з пацярпелых выбарнікаў. — Па-мойму, ён адзіны дэпутат, які пагадзіўся гэта зрабіць... Я пераканаў свайго падабароннага падаць заяву ў Сьледчы камітэт. Ён не хацеў гэтага рабіць, але зрабіў з маёй парады. Пасьля мы знайшлі яшчэ чатырох чалавек, якія знаходзіліся ў адной камэры зь ім.
Насамрэч супрацоўнікі Сьледчага камітэту падрабязна фіксуюць усе факты катаваньняў. І яны не задаволеныя тым, што заявы прымаюцца, а крымінальныя справы не распачынаюцца... Запыт на справядлівасьць вельмі вялікі. І чым больш часу мінае, тым большая незадаволенасьць у людзей. Я думаю, што вы як дэпутат можаце хадайнічаць перад Сьледчым камітэтам, каб падняць гэтую інфармацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра вынікі жніўня: забітыя і параненыя, 7500 затрыманых, 41 палітвязень, 0 справаў супраць АМАППытаньні Валеру Варанецкаму задавалі больш за 30 хвілін. Найбольш эмоцыяў выклікала прапанова дэпутату ініцыяваць імпічмэнт Аляксандра Лукашэнкі.
«Я з працэдурай імпічмэнту не знаёміўся, — адказаў Валер Варнецкі. — Давайце мы ня будзем абмяркоўваць зараз гіпатэтычныя рэчы. Давайце не ствараць напружанасьці, у нас у краіне зараз хапае напружанасьці ў розных сфэрах».
Сустрэча Валера Варанецкага з выбарнікамі ішла больш за тры гадзіны. Ён паабяцаў дапамагаць ім у кожным канкрэтным выпадку, а таксама весьці дыялёг з Каардынацыйнай радай. Людзі пакуль не пачалі працэдуру адкліканьня дэпутата. Наступная сустрэча Валера Варанецкага з выбарнікамі ў такім жа фармаце можа прайсьці празь месяц.