Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні.
9 жніўня ў Беларусі прайшлі выбары прэзыдэнта, якія адбываліся на фоне бесперапынных рэпрэсій, у атмасфэры страху і запалохваньня грамадзтва. Недавер да афіцыйных вынікаў прывёў да масавых стыхійных мірных пратэстаў як у сталіцы, так і іншых гарадах па ўсёй краіне, пішуць праваабаронцы.
Непрапарцыйнае з боку сілавікоў ужываньне фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі (баявой, сьвятлашумавых гранат, гумовых куляў) прывяло да шматлікіх раненьняў удзельнікаў сходаў. Як мінімум 3 ўдзельнікі пратэстаў загінулі ў выніку стральбы або неаказаньня мэдычнай дапамогі, канстатуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Цягам месяца больш за 7 500 грамадзян былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях. Гэта прывяло да перагрузкі сыстэмы МУС, у выніку якой цягам некалькіх сутак не было інфармацыю пра лёс і месцазнаходжаньне сваякоў.
Нэгатыўную рэакцыю беларускай і міжнароднай грамадзкасьці выклікалі факты катаваньняў і іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня. «Вясна» задакумэнтавана ня менш за 500 выпадкаў катаваньняў, якія сьведчаць пра іх сыстэмнасьць.
Перасьледу ў сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю падвяргаліся журналісты. Іх затрымлівалі, зьбівалі, ужывалі да іх зброю, замежных карэспандэнтаў пазбаўлялі акрэдытацыі і дэпартавалі з Беларусі. У краіне фвктыяна ўведзеная цэнзура: заблякаваны доступ да шматлікіх інфармацыйных і праваабарончых сайтаў.
Павялічылася колькасьць палітвязьняў. На гэты момант у турмах знаходзіцца 41 палітвязень, якіх прызнае такімі беларуская праваабарончая супольнасьць. Да выбараў іх было 24.
Сьледчы камітэт распачаў крымінальныя справы паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) у дачыненьні больш чым да 80 грамадзянаў, у тым ліку за «гвалт» супраць работнікаў міліцыі і вайскоўцаў. Але няма ніводнай справы што да перавышэньня паўнамоцтваў самімі сілавікамі — пры тым, што ад імя пацярпелых пададзена каля паўтысячы заяваў і скаргаў, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».