Студэнткі філфаку БДУ напісалі крэйдай на асфальце радкі з твораў Алексіевіч, Цёткі, Еўтушэнкі, Купалы і Коласа. За гэта іх адвезьлі на Акрэсьціна, абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і аштрафавалі.
Дзень ведаў студэнты вырашылі адзначыць крэатыўна: вырашылі ва ўнутраным дворыку філялягічнага факультэту напісаць цытаты клясыкаў літаратуры. Менавіта ў дворыку, а не на шматлюднай вуліцы Карла Маркса, дзе побач Акадэмія кіраваньня і адміністрацыйныя будынкі. Некаторыя з цытатаў пайшлі на плякаты, якія дзяўчаты не пасьпелі выкарыстаць, бо ня трапілі на шэсьце студэнтаў.
Студэнтак затрымлівалі мужчына ў белым гарнітуры і двое ў чорным
19-гадовая Вера — студэнтка 3 курсу філялягічнага факультэту. Выдатніца і эрудытка — сярэдні бал вышэйшы за 9, пераможца алімпіядаў.
«Мы пачалі пісаць цытаты, да нас прыйшлі дэкан Іван Сямёнавіч Роўда і намесьніца дэкана Вольга Пятроўна Крычко. Мы мірна паразмаўлялі. Акрамя напісаньня цытатаў, мы яшчэ зьбіралі подпісы пад агульнаўнівэрсытэцкай пэтыцыяй на імя міністра Ігара Карпенкі, якую плянавалі разам зь іншымі занесьці ў Міністэрства адукацыі. Потым Іван Сямёнавіч, які ў мяне выкладаў, запрасіў да сябе ў кабінэт.
Я расказала дэкану, што мы хочам займацца асьветніцкай дзейнасьцю на філфаку, расказваць пра падзеі і як можна дапамагчы: пра мэдычнае валянтэрства, пра дыскусійны клюб, пра відэа палітолягаў. І мы амаль ужо прыйшлі да паразуменьня, як раздаўся званок. У дэкана рэзка зьмяніўся твар, кажа, што трэба прайсьці ва ўнутраны дворык, хтосьці туды прыехаў», — апавядае Вера.
У дворыку быў мужчына ў цывільным белым гарнітуры, які на павышаных танах палемізаваў са студэнткамі. Дзяўчаты патрабавалі, каб ён вярнуў пляншэт з 19 подпісамі, якія яны пасьпелі сабраць. Мужчына перапісаў усе зьвесткі пра Веру, палічыўшы яе завадатаркай.
Хтосьці зь дзяўчат сказаў, што трэба ў прыбіральню, і ўсе яны проста зьбеглі. Намесьніца дэкана загадала пазваніць ім, каб яны вярнуліся. Вярнулася адна — Ангеліна. Тут зьявіліся два маладзёны ў масках, якія не назваліся, пасадзілі дзяўчат у машыну «джылі» без нумароў.
«Я пасьпела толькі напісаць сябрам, што на філфаку міліцыя. У машыне маладзёны пастаянна жартавалі, пыталіся, ці ёсьць у нас хлопцы, казалі, маўляў, мы прыгожыя, навошта нам гэта трэба.
Нас завезьлі ў нейкі гараж Ленінскага РУУС, апісалі рэчы. Праз пару гадзін павялі ў пастарунак падпісваць пратакол — нібыта мы ўдзельнічалі ў незаконных масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34, частка 1). Мы падпісалі пратакол і ўсё ж спадзяваліся, што нас адпусьцяць. Але нас прымусілі зьняць матузкі», — працягвае Вера.
«На Акрэсьціна жартавалі, хто мы: карупцыянэры ці бандыткі?»
Дзяўчат пасадзілі ўжо ў іншую «джылі», на выезьдзе яны сустрэліся зь іншым бусікам. Той кіроўца спытаўся, куды вязуць дзяўчат, людзі ў масках адказалі, маўляў «туды, адкуль вы прыехалі». Кіроўца паведаміў, што там чарга, ён стаяў больш за паўтары гадзіны. Дзяўчаты зразумелі, што вязуць іх на Акрэсьціна.
«Доўга не адчынялі браму. Потым запыталіся: каго вязуць? Кіроўца адказаў: „палітычных“.
Нейкі мужык пачаў вельмі груба абражаць, крычаць, што мы „швалі“, што мы будзем адлічаныя з унівэрсытэту, што нашы бацькі страцяць працу. Крычаў ён вельмі агрэсіўна. У маёй сяброўкі здарылася гістэрыка. Нас спачатку пасадзілі ў адну камэру-„стакан“. Я спрабавала яе суцешыць, бо ведала пра яе праблемы. Але мяне перасадзілі ў іншую камэру. А ёй рэальна было вельмі дрэнна! Я прасіла аказаць ёй мэдычную дапамогу. Там была доктарка, але яна змагла даць толькі карвалол.
Начальнік пагражаў выклікаць псыхіятрычную дапамогу. Але другі мужчына (ня ведаю, хто ён, але паставіўся да нас па-чалавечы) кажа: „Ды адпусьціце гэтых дурачак дадому, няхай паплачуць“. Аднак нас не адпусьцілі», — працягвае Вера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнты МДЛУ зьбіраюць подпісы пад зваротам да рэктара, пагражаюць пачаць страйкДзяўчат разьмясьцілі ў пяцімеснай камэры № 22 на трэцім паверсе. Кажуць, што далі чыстую пасьцельную бялізну, умовы былі больш-менш нармальныя. Толькі страшна сьмярдзела прыбіральня.
«І тут я расплакалася, страшна стала за бацькоў, за свайго хлопца. Нейкую вячэру далі. А потым пасадзілі да нас трэцюю „палітычную“ Ксюшу, якая падтрымлівала МАЗ. Яна была вельмі вясёлая, крыху падняла нам настрой. Потым прывялі яшчэ дзьвюх дзяўчат — Сашу і Машу. Разгаварыліся. Выявілася, што ўсіх затрымлівалі брутальна, прычым супрацоўнікі Ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. У камэры жартавалі, хто мы: карупцыянэры ці бандыткі?» — цяпер Вера ўзгадвае гэта з усьмешкай.
«Столькі добрых словаў я пра сябе даўно ня чула!»
Раніцай дзяўчат павезьлі ў суд Ленінскага раёну. Іх прыйшлі падтрымаць студэнты, куратарка, намесьніца дэкана. Абедзьвюм напісалі выдатныя характарыстыкі.
«Столькі добрых словаў я пра сябе даўно ня чула! Выдатна працавала адвакат, задавала правільныя пытаньні. Паводле ўсёй лёгікі нас мусілі апраўдаць. Але судзьдзя была жорсткай. Мне прысудзілі штраф — 25 базавых. Ангеліне таксама выпісалі 25 базавых.
На вуліцы мяне сустракалі сябры, дэкан, які прынёс сок, прысмакі. Ён запэўніў, што ніхто адлічваць нас ня будзе, ніякіх наступстваў ня будзе. Я вельмі расчулілася, калі мне расказалі, як нас шукалі, як уначы да чату падключыліся 16 чалавек, як яны езьдзілі на Акрэсьціна. Гэта вельмі кранальна!» — Вера выказвае падзяку ўсім, хто падтрымаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэктарат БНТУ запрасіў АМАП «для абароны студэнтаў»
«Штраф і паслугі адваката буду аплочваць сама»
Дзяўчына кажа, што і ў яе, і ў сяброўкі парушаны сон, уначы здаецца, што яны ўсё яшчэ на Акрэсьціна. Засмучае Веру і тое, што адносіны з бацькамі ў яе складаныя.
«У мяне ўзорная сям’я. Маці завуч, бацька выкладчык. Але ў нас розныя палітычныя погляды. Я перажывала за маму вельмі моцна. Бацькі спачатку адмаўляліся браць адваката, але мае сябры пераканалі, што трэба. Але я ім заявіла, што паўналетняя, штраф буду сплочваць сама і за паслугі адваката таксама сама заплачу. Я знайду сродкі, у мяне шмат сяброў», — цьвёрда кажа Вера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 сутак арышту. Суды над затрыманымі 1 верасьня студэнтамі. Абнаўляецца«Калі такіх „лайдакоў“, як мы, хапаюць за тое, што мы хочам казаць праўду, гэта вельмі дзіўна і страшна» Вера дагэтуль не разумее, за што яе затрымалі і так сурова пакаралі.
«І чаму з усіх пунктаў пэтыцыі, дзе былі патрабаваньні свабоднай журналісцкай дзейнасьці, спыненьня гвалту, вызваленьня палітзьняволеных мне інкрымінавалі толькі тое, што я зьбірала подпісы за адстаўку Лукашэнкі і ЦВК.
Там была адна клясная цытата, якая наўпрост пасуе да сёньняшняй сытуацыі — Яўгена Еўтушэнкі, фрагмэнт верша „Кветкі лепшыя за кулі“:
„Как сказал президент про тебя, Ты „бездельница“. Каждый мертвый — бездельник, Но это вина не его“.
(Верш прысьвечаны амэрыканскай студэнтцы Элісан Краўзэ, якую забілі ў 1970 годзе салдаты нацыянальнай гвардыі штату Агаё. Студэнты пратэставалі супраць уварваньня ў Камбоджу, а гвардзейцы пачалі страляць па іх. — РС)
Шчыра кажучы, калі такіх „лайдакоў“, як мы, хапаюць за тое, што мы хочам казаць праўду, гэта вельмі дзіўна і страшна.
Але нас гэта не зламала. Мы будзем надалей працаваць. Будзем дзейнічаць», — перакананая Вера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнцкі марш у Менску: дзясяткі затрыманых. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу