Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт накіравалі ў інтарэсах 47 пацярпелых на мірных акцыях пратэсту зварот у Камітэт супраць катаваньняў ААН аб расьсьледаваньні факту сыстэматычных катаваньняў у Беларусі, інфармуе сайт «Вясны».
Заяўнікі падалі Камітэту доказы таго, што некалькі дзён, пачынаючы з 9 жніўня, па ўсёй краіне супрацоўнікі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусі ў розных установах праваахоўнай сыстэмы (падчас як затрыманьня, так і ўтрыманьня грамадзян) рабілі дзеяньні, якімі наўмысна прычынялі грамадзянам моцны боль, а таксама фізычныя і маральныя пакуты, што выявілася ў цялесных пашкоджаньнях рознай ступені цяжкасьці і псыхалягічных траўмах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН абвясьціла пра 450 выпадкаў катаваньняў пасьля акцый пратэсту ў Беларусі
Праваабаронцы і пацярпелыя просяць Камітэт разгледзець зварот максымальна апэратыўна, бо ў краіне надалей сыстэматычна затрымліваюць удзельнікаў мірных пратэстаў, незаконна і неналежна трымаюць іх у месцах ізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра вынікі жніўня: забітыя і параненыя, 7500 затрыманых, 41 палітвязень, 0 справаў супраць АМАП