«Тры дні пасьля выбараў чуў стрэлы і выбухі гранат». Статкевічу на 2 месяцы працягнулі ўтрыманьне пад вартай

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Яшчэ на 2 месяцы сьледчая СК працягнула тэрмін утрыманьня пад вартай для апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, якога затрымалі ў канцы чэрвеня. Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч са спасылкай на дасьведчаную крыніцу.

Амаль два месяцы Мікалая трымалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, а з 17 жніўня перавялі ў сьледчы ізалятар ў Жодзінскай турме. Днямі Марына Адамовіч атрымала адтуль першы ліст ад мужа, а таксама пачкам прыйшлі адразу 6 лістоў, напісаныя Статкевічам жонцы яшчэ з «Валадаркі».

«Гэтыя лісты былі напісаныя ў розныя дні, але штэмпэль на іх пастаўлены ў адзін дзень. Значыць, як Міколу вывезьлі ў Жодзіна, дык дасталі ягоныя лісты зь нейкай шуфляды і адразу адправілі з „Валадаркі“ мне, каб у іх не засталося. Зь лістоў вынікае, што ён добра ведае пра сытуацыю ў краіне, пра вынікі выбараў і змаганьне, якое пачалося пасьля таго, як людзей падманулі. Напісаў, што вельмі перажываў, што ўлада ўжыве сілу, як было ў 2010 годзе. Паведаміў, што цягам трох дзён пасьля выбараў чуў стрэлы і выбухі шумавых гранат, ведае пра загінулых, перадае спачуваньні іх сваякам. Думае, што пратэсты, якія не спыняюцца, ужо і ня спыняцца, народ абудзіўся і пераможа», — паведаміла Марына Адамовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсоўцу, які ў эфіры БТ заклікаў «не пратэставаць, каб захаваць Беларусь», пагражае да 8 гадоў турмы


Паводле зьвестак Марыны Адамовіч, афіцыйна перавод яе мужа з «Валадаркі» ў Жодзіна сьледзтва тлумачыць тым, каб ня мог кантактаваць зь фігурантамі крымінальнай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, у якой ён падазраваны.

«Колькі цяпер людзей праходзіць у гэтай справе, мне невядома, але падазраю, што шмат, і такіх усё болей. Бо падчас пікетаў каля „Валадаркі“ да мяне падыходзілі сваякі прынамсі трох чалавек, якіх таксама затрымалі ў гэтай справе, а пра іх ніхто ня ведаў. Магчыма, такіх там ужо столькі, што не хапае камэр, каб усіх рассадзіць асобна, і мусяць частку пераводзіць ў Жодзіна», — мяркуе Марына Адамовіч.

Яна кажа, што Мікалай Статкевіч ня лічыць сябе вінаватым і адмаўляецца даваць сьледчым паказаньні.

У якіх умовах трымаюць Статкевіча? Марына Адамовіч не выключае, што Мікалай цяпер знаходзіцца ў адзіночнай камэры, бо раней ён напісаў заяву аб пераводзе ў адзіночку «праз пагрозы ягонай бясьпецы з боку супрацоўнікаў СІЗА» і ёй паведамілі, што заява была задаволеная. «На побытавыя ўмовы ня скардзіцца, са здароўем, напісаў, нармальна, займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, перадачы туды прымаюць», — паведаміла Марына Адамовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА

Адкуль Мікалай Статкевіч чэрпае інфармацыю пра становішча ў краіне?

«Як звычайна, ад людзей, зь якімі там сутыкаецца, яшчэ ён чытае газэты. Выпісала яму 5 газэт: „Народную волю“, „Наш час“, „Беларусы і рынак“, „Белгазету“, „Свободные новости“, але цяпер незразумела, што з гэтых выданьняў яму даходзіць», — сказала Марына Адамовіч.

Паводле Адамовіч, у спатканьнях з мужам сьледзтва ёй адмаўляе.

«Не адказваюць на скаргі і ўвогуле спынілі перапіску», — кажа Марына Адамовіч пра пазыцыю праваахоўных органаў, зь якімі яна кантактавала пасьля затрыманьня Мікалая Статкевіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктара рэклямнага агенцтва Vondel/Hepta Аляксандра Васілевіча ўзялі пад варту