18-гадовая Ліза 10 жніўня трапіла ў рукі АМАПу. Яна са сваім хлопцам гулялі ў цэнтры Гомля. Дзяўчыне пашкодзілі шыйныя хрыбеткі, яна цяпер праходзіць лячэньне. 28 жніўня суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
«Вечарам 10 жніўня мы з хлопцам пілі каву ў цэнтры, потым курылі ў дазволеным месцы, на скрыжаваньні праспэкту Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай. Да нас падышоў АМАП; яны крычалі мацюкамі на нас, потым схапілі. Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся», — расказала Ліза.
Зьдзекі працягваліся і ў Савецкім РАУС, куды прывезьлі затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА«У спартовай залі РАУС мяне паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. У мяне кружылася галава, балела сэрца. Але ніхто не рэагаваў на скаргі. Два апамаўцы вагой па 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву», — дадала жыхарка Гомля.
Супрацоўнікі АМАП перадалі яе жанчынам-міліцыянткам.
«Тыя разьдзелі мяне дагала. Потым узялі мой тэлефон, прымусілі яго разблякаваць, глядзелі мае асабістыя здымкі і выдалялі іх, прычым часта мацюкаліся. Нас называлі „тварямі“ і ўсяляк абражалі», — апавяла Ліза.
А трэцяй гадзіне ночы яе адпусьцілі. Дзяўчына зьняла пабоі, прайшла судова-мэдыцынскую экспэртызу і падала заяву ў Сьледчы камітэт. Выніку пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гук дубінак не забыць ніколі». Затрыманы мянчук зьняў на камэру, што рабілі з затрыманымі ў аўтазаку. ВІДЭА28 жніўня судзьдзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёну Гомля) разглядаў пратакол, складзены ў дачыненьні Лізы супрацоўнікамі міліцыі.
«Судзьдзя мне казаў, што мне ня варта было хадзіць у цэнтар гораду, я мусіла гэта ведаць, бо я павінна глядзець тэлевізар, і там такое, маўляў, казалі, папярэджвалі. Таксама судзьдзя казаў, што ўсім, хто ходзіць на акцыі, плацяць грошы, і дзяўчатам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці, плацілі па 60 рублёў...», — прыгадала дзяўчына.
Судзьдзя прызнаў яе вінаватай і вынес папярэджаньне.
У Лізы дагэтуль праблемы са здароўем ад таго, што пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. Ёй кружыцца галава, яе часта ванітуе. Таксама яна зьвярнулася па дапамогу да псыхоляга, бо перажыла моцны стрэс.
Зьдзекі перажыў і яе хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сьціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лагойску супрацоўніка МНС затрымалі, зьбілі, звольнілі, далі «суткі», але вызвалілі праз пратэсты мясцовых