Расейская служба Радыё Свабода апублікавала інтэрвію з кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай. У Вільні зь ёй гутарыла Ірына Пэтэрс.
«Няхай яна назаве сябе прэзыдэнтам? А потым: дзе яе войскі, чаму яна нас не абараняе?»
— Вы казалі, што гатовыя вярнуцца, калі гэта будзе больш-менш бясьпечна для вас і вашай сям’і. Калі, напрыклад, ваш муж будзе на волі — гэта будзе дастаткова?
— Гэта будзе вельмі важкі аргумэнт, каб вярнуцца. Але калі я кажу пра бясьпеку, я маю на ўвазе, што пачнецца дыялёг паміж уладай і людзьмі, і я буду разумець, што справа ўжо ідзе да новых выбараў, у якіх удзельнічаць я не пляную, але я разумею, што мы зрушыліся зь мёртвага пункту.
— Многія чакаюць ад вас большай рашучасьці, пасіянарнасьці. Яны хацелі б, каб Ціханоўская паводзіла сябе як прэзыдэнт, па-прэзыдэнцку. Вы сапраўды асьцярожная ў ацэнках, нешматслоўная ў інтэрвію. Гэта тлумачыцца прычынай, якая на паверхні, — што ваша муж Сяргей фактычна ў закладніках? Ці вы так выказваецеся асьцярожна яшчэ зь нейкай прычыны?
— У цэлым па жыцьці я ня надта эмацыйная. Цяпер такая сытуацыя, калі трэба вельмі асьцярожна выбіраць, што казаць. Многія просяць рашучых дзеяньняў, але людзі, якія так кажуць, павінны разумець адказнасьць, якую на сябе чалавек прымае, робячы нейкія заявы. Так, я не гарачая, я ня буду з-за пляча секчы, мне трэба пасядзець, падумаць. Магчыма, людзі называюць гэта асьцярожнасьцю, магчыма, гэта так і ёсьць, але я б назвала гэта грунтоўным падыходам да кожнага пытаньня.
— Ваш статус, кім вы сябе лічыце на дадзены момант — улічваючы, што многія хацелі б, каб вы сябе паводзілі як прэзыдэнт? Абраны прэзыдэнт, часовы прэзыдэнт? Нацыянальным лідэрам вы сябе называлі.
— Мне задаюць такое пытаньне. На самой справе выразнага вызначэньня няма, хто я. Я разумею людзей, якія называюць мяне народна абраным прэзыдэнтам і нацыянальным лідэрам. Я б сябе назвала, напэўна, усё-ткі сымбалем пераменаў. З разуменьнем, што я ўзяла на сябе адказнасьць быць нацыянальным лідэрам, я не магу дакладна адказаць на гэтае пытаньне. Называць сябе народна абраным прэзыдэнтам, напэўна, маю права, але прэзыдэнтам менавіта [у поўным сэнсе] — не, таму што, на жаль, цяпер наўрад ці можна даказаць, даведацца афіцыйныя дадзеныя, яны былі зьнішчаны, пералічваць іх ніхто, вядома, ня будзе. То бок людзі хочуць мяне бачыць больш рашучай у дзеяньнях. А чаго чакаюць? Няхай яна назаве сябе прэзыдэнтам? А потым: дзе яе войскі, чаму яна нас не абараняе? Назваўшыся, ты ўжо павінна прымаць такія рашэньні. Вы ведаеце, тое, што лідэры краін маюць зносіны са мной, а не з кіраўніцтвам цяперашнім Беларусі, напэўна, шмат пра што кажа. Гэта значыць, яны ўспрымаюць мяне як лідэра Беларусі цяпер. Але я таксама ўсё празь сябе прапускаю. Калі мне жадаецца сябе агрэсіўна паводзіць, я гэтага ня буду рабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці гатовы Пуцін увесьці войскі ў Беларусь і ці салідарызаваўся ён з Лукашэнкам
«Людзі разумеюць, што будзе цяжкая барацьба, але яны шчасьлівыя, што адчулі сябе адзіным народам»
— Да апошняга часу вы не раскрывалі дэталі той жудаснай ночы і пераезду ў Літву. Можа, цяпер нешта можаце сказаць?
— Не, на жаль, я не гатовая пакуль. Магчыма, калі-небудзь.
— Лёс вас нечакана, вы самі гэта казалі, вынес на «перадавую» гісторыі. Яшчэ нядаўна вы казалі, што па жыцьці вы чалавек апалітычны, як і большасьць беларусаў. Цяпер вы апынуліся ў новай ролі, як і ўвесь беларускі народ, які на вачах набывае нацыянальную самасьвядомасьць. Сьвятлана Алексіевіч нядаўна сказала: «Мяне не перастае зьдзіўляць мой народ. Захапляюся». А вы як ацэньваеце гэты працэс?
— Калясальны. Мне вельмі шкада, што я зараз ня там. Таму што калі мне расказваюць, якія эмоцыі лунаюць падчас гэтых дэманстрацый, — людзі не ідуць туды з жорсткасьцю, яны вылучаюць свае патрабаваньні [Лукашэнку] — «Сыходзь», але яны ідуць зь любоўю. Яны шчасьлівыя, што пераадолелі свой страх, яны шчасьлівыя знаходзіцца там. Няма злосьці, няма нянавісьці. Яны разумеюць, што будзе цяжкая барацьба, але яны шчасьлівыя, што адчулі сябе адзіным народам, адчулі сябе нацыяй. У нас была нейкая разрозьненасьць, мы жылі кожны ў сваёй ячэйцы. Так, большасьць была апалітычная. Узгадайце мінулыя выбары: «што мне туды хадзіць, усё роўна нічога ня зьменіцца?» А цяпер кожны разумее, што ад яго залежыць вельмі многае. Паварот у самасьвядомасьці людзей. Творыцца гісторыя.
— Вы кажаце, што беларускі народ прачнуўся. Што абудзіла? Шок ад зьбіцьця грамадзян сілавікамі, гібель людзей, катаваньні, дзясяткі зьніклых?
— Рэвалюцыя ў сьвядомасьці адбылася не пасьля 9 жніўня, яна фармавалася больш за год, можа і раней, проста гэта не было відавочным. Усё пачалося даўно, я лічу, што зь Сяргея Ціханоўскага, потым прыйшоў COVID, які паказаў, што наш урад, нашы чыноўнікі не паважаюць сваіх людзей, не клапоцяцца пра іх. Гэта ўсё не адбылося ў адзін дзень. Назьбіралася. І тое, што адбылося 9 жніўня пасьля выбараў, — людзі выйшлі зь мірнай дэманстрацыяй супраць фальсыфікацыі выбараў, — ува што гэта перарасло? Гэта падштурхнула нават тых людзей, якія і ня думалі ў гэтым усім удзельнічаць. [Тое, што] яны ўбачылі, — апошняя кропля была.
— Зьбіцьцё?
— Так. Тое, што здарылася, яно не паддаецца апісаньню проста словам «жорстка». Як можна было так абыходзіцца са сваім народам? Сінія людзі, — гэтыя фатаграфіі, — зьбітыя, сінія людзі. Тое, што яны расказвалі, — я была проста ў шокавым стане. У людзей назьбіралася. Можа, гэта не прыняло б цяпер такіх маштабаў, ужо ніхто не даведаецца. Але, на жаль, улада ўчыніла злачынства, якое не сатрэцца ўжо з памяці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы». Лукашэнка патлумачыў, з кім гатовы да дыялёгу
«Не, дараваць, напэўна, ніхто не даруе»
— Беларусы кажуць, што сваімі дзеяньнямі апошніх месяцаў Лукашэнка абнуліў усе свае дасягненьні і заслугі за 25 гадоў перад краінай. Людзі дзівяцца: няўжо яму ўсё роўна, якім ён застанецца ў памяці суграмадзян?
— Важна яму ці ня важна, якім ён застанецца ў гісторыі, я сказаць не магу. Але было б вельмі годна застацца проста першым прэзыдэнтам, які доўга кіраваў і сышоў у адстаўку па жаданьні людзей, і не ператвараць свой сыход у крывавае пабоішча, не выклікаць нянавісьць сваіх людзей.
— Гэта цяпер магчыма? Ён не прайшоў гэты пункт незвароту?
— Хтосьці можа дараваць. Не, дараваць, напэўна, ніхто не даруе. Але беларусы не злапамятныя. Калі, мне здаецца, цяпер сысьці годна, то, магчыма, гэта будзе вельмі вялікай зьмякчальнай акалічнасьцю для яго лёсу. Хацелася б, каб усё гэта скончылася прыгожа, ня хочацца ў бездань акунацца.
— Сёньня прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у інтэрвію расейскаму тэлебачаньню сказаў, што няма неабходнасьці — пакуль — для ўводу расейскіх сіл у Беларусь, але што ў Расеі створаная рэзэрва супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі. На думку Пуціна, Дамова аб калектыўнай бясьпецы дае Расеі магчымасьць дапамагаць суседняй краіне для забесьпячэньня стабільнасьці. Гэта значыць, такой магчымасьці Пуцін ня выключыў. Як вам здаецца, гэта пасланьне каму?
— Я ня думаю, што Ўладзімір Пуцін мог бы сказаць словы, якія нічога ня значаць, — яны напэўна нешта значаць. Але мы разумеем, што падстаў для ўводу нейкай дапамогі, АМАПу ці каго-небудзь яшчэ, ня будзе. Таму што ў нас выключна мірныя пратэсты, ніхто зь беларускіх людзей ня хоча сілавога вырашэньня пытаньня. Мы разумеем, што могуць быць такія таемныя правакацыі з боку ўладаў, каб даць штуршок, каб людзі раззлаваліся, нейкую сілу пачалі ўжываць. Але гэта ўсё правакацыі, беларусы ня хочуць ніякіх сілавых мэтадаў. Таму прычын для ўвядзеньня дапамогі ў выглядзе нейкіх сілавых арганізацый з боку Расеі наогул няма. Гэта наша ўнутраная праблема, унутранае пытаньне, якое беларусы павінны вырашаць зь беларускім урадам.
— Адзін зь беларускіх дыпляматаў, які сам сышоў са сваёй пасады, сказаў, што, на яго думку, прымусіць Лукашэнку сысьці могуць толькі тыя, хто яго прывёў на гэтую пасаду — гэта працоўныя вялікіх прадпрыемстваў, рабочая кляса, хрыбет прамысловасьці беларускай, сялянства, то бок людзі з народу, не сілавікі. І зараз мы бачым страйкамы.
— Так. Яны і складаюць, працоўныя людзі, касьцяк нашага грамадзтва. Тое, што яны не змаглі зьмірыцца з гэтай сваволяй, з тым, што дзеецца, і выйшлі на забастоўкі — гэта кажа пра многае, што гэта ўжо мяжа цярпеньня. Я таксама думаю, што толькі працяглымі забастоўкамі, — не хацелася б, вядома, каб яны былі працяглыя, таму што ўсё ж такі гэта па эканоміцы ўдар, — толькі такім чынам можна прымусіць Лукашэнку сысьці.
— У вас двое малых дзяцей, сын школьнага ўзросту. Як ваш сын пачне навучальны год, пакуль вы ў Літве? І ў верасьні ў вас дзень нараджэньня. Як бы вы хацелі яго сустрэць?
— Навучальны працэс важны. Бо ў Менск я вярнуцца не змагу, мы будзем арганізоўваць навучальны працэс тут. Да дня нараджэньня вельмі спадзяюся вярнуцца ў Беларусь — гэта быў бы самы вялікі падарунак. Але калі гэта не атрымаецца, то ў коле сяброў. На жаль, мужа няма побач. Але, можа, нешта зьменіцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працяг гвалту — гэта тупік». Топ-мэнэджар EPAM патлумачыў, чаму далучыўся да Каардынацыйнай рады