У гісторыі незалежнай Беларусі не было прэцэдэнтаў адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Але цяпер неабыякавыя выбарнікі ініцыююць адкліканьне дэпутатаў, якіх абвінавачваюць у бязьдзеяньні.
Мы разьбіраліся, ці гэта магчыма.
Працэдура няпростая і працяглая
Працэдура адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў апісаная ў Выбарчым кодэксе і ў законе «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу».
Паводле артыкула 129 Выбарчага кодэксу, дэпутат можа быць адкліканы, калі ён не апраўдаў даверу сваіх выбарнікаў (гэта можа невыкананьне прадугледжаных законам дэпутацкiх абавязкаў, парушэньні Канстытуцыі або законаў, учыненьне дзеяньняў, што дыскрэдытуюць дэпутата).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 20 акругах Менску ініцыявалі адкліканьне дэпутатаў. Людзі стаяць у чарзе, каб паставіць подпісПытаньне аб адклiканьнi дэпутата могуць абмеркаваць выбарнікі акругi, ад якой выбраны той дэпутат, на сходзе (арт. 131 Выбарчага кодэксу).
Для гэтага заканадаўства прадугледжвае наступныя дзеяньні:
1. Падаць заяву на сход
Неабходна падаць у мясцовы Савет заяву на правядзеньне сходу аб адкліканьні дэпутата. У заяве апісваюцца матывы, аргумэнтуюцца прычыны. Заяву мусяць падпісаць 150 жыхароў менавіта той акругі, якую прадстаўляе дэпутат. Рашэньне мясцовы Савет мае прыняць цягам 10 дзён.
Калі яно станоўчае, яшчэ 3 дні на тое, каб паведаміць час і месца сходу.
Калі адмоўнае, яго мусяць матываваць. Рашэньне можна абскардзіць у судзе цягам 3 дзён.
2. Паведаміць дэпутату пра сход
За 10 дзён да сходу ініцыятары маюць пісьмова паведаміць свайму дэпутату і Палаце прадстаўнікоў дату і месца правядзення сходу выбарнікаў i прычыны адклiканьня дэпутата.
3.Сабраць ня менш за 300 выбарнікаў акругі на сход
На сходзе мусяць быць ня менш за 300 выбарнікаў акругі. Прычым кожны павінен зарэгістравацца і паставіць подпіс. Дэпутат мае права выступаць на сходзе.
Калі больш за палову прысутных на сходзе прагаласавалі за адкліканьне дэпутата, складаецца пратакол, які разам зь іншымі дакумэнтамі (сьпісам удзельнікаў сходу, сьпісам сяброў ініцыятыўнай групы, копіяй ліста-паведамленьня дэпутату аб сходзе) перадаецца ў Цэнтральную выбарчую камісію.
ЦВК цягам 15 дзён прымае рашэньне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
4. Сабраць ня менш за 20% подпісаў ад сьпісу выбарнікаў акругі
Атрымаўшы адпаведныя дакумэнты ад ЦВК, цягам 45 дзён ініцыятыўная група зьбірае подпісы выбарнікаў сваёй акругі за адклiканьне дэпутата.
Паводле заканадаўства, неабходна сабраць ня менш чым 20% подпісаў ад складу выбарнікаў акругі.
5. Прайсьці праверку подпісаў у ЦВК
ЦВК тэрмінам да 15 дзён іх правярае, пасьля чаго прымае рашэньне аб прызначэньнi галасаваньня аб адклiканнi дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Вызначаецца дата галасаваньня. Паводле заканадаўства, галасаваньне прызначаецца не раней за адзін месяц i не пазьней за два месяцы пасьля такога рашэньня.
6. За адкліканьне павінны прагаласаваць больш за палову выбарнікаў
Лічыцца, што галасаваньне адбылося, калі ў ім узялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў. І калі больш за палову тых, хто прагаласаваў, выказаліся за адкліканьне, то дэпутата адклікаюць.
Прызначаюцца новыя парлямэнцкія выбары ў канкрэтнай выбарчай акрузе.
Лукашэнка паабяцаў дэпутатам абарону
«Думаю, што пераважная большасьць нашых дэпутатаў не з палахлівых, і дэпутаты павінны ведаць, што ў іх ёсьць прэзыдэнт, які заўсёды зможа іх абараніць. Без усялякіх праблемаў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка 27 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не шкадую, што мы выступілі супраць гвалту». Міністэрства звольніла кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія» Мрочака. Дактары выгукалі «Жыве Беларусь!» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19-ы дзень пратэстаў. Калесьнікава ідзе ў СК. Макей склікаў паслоў. Што адбываецца ў Беларусі