Войска Беларусі прыведзена ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле Лукашэнкі, войскі павінны старанна ахоўваць заходнія межы «ад уварваньня арміі NATO» і «перадухіліць рэвалюцыю, падрыхтаваную замежнымі дзяржавамі». На якую вайсковую сілу можа абаперціся цяперашні кіраўнік дзяржавы, супраць якога пратэстуюць сотні тысяч людзей пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў? Разважае чэскі вайсковы аналітык і публіцыст Лукаш Вісінгр.
Беларусь утрымлівае адносна вялікую армію, нягледзячы на сьціплыя фінансавыя рэсурсы. Пры гадавым бюджэце каля 780 мільёнаў даляраў у краіне з насельніцтвам менш за дзесяць мільёнаў каля 50 000 чалавек, у тым ліку цывільных, служаць ва ўзброеных сілах.
Хоць большасьць салдатаў — прызыўнікі, якія служаць ад 12 да 18 месяцаў залежна ад іхнай адукацыі, каля траціны арміі ўжо запоўнена прафэсіяналамі. Называецца таксама лічба 300 тысяч чалавек рэзэрвістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: сфармаваная рэзэрва супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі БеларусіЗь мінулага тыдня беларускія вайсковыя часткі на заходняй мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі на загад Аляксандра Лукашэнкі як галоўнакамандуючага знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці. Зьнішчальная і баявая авіяцыя, танкі, бронетэхніка, ударная авіядэсантная брыгада і СПА.
Міністэрства абароны Беларусі папярэдзіла таксама, што вайсковыя падразьдзяленьні не дадуць апаганьваць помнікі ў гарадах, а пратэстоўцы будуць мець справу ўжо не зь міліцыяй, а з войскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны папярэдзіла, што армія гатовая абараняць Беларусь ад унутраных пагрозаў
«Украінскі сцэнар з Расеяй амаль напэўна не паўторыцца»
У якім стане знаходзіцца беларускае войска? На думку экспэртаў, Беларусі ўдалося ператварыць армію ў досыць эфэктыўную сілу. «У цэлым можна сказаць, што яна нашмат лепшая, чым, напрыклад, украінская», — лічыць чэскі вайсковы аналітык і публіцыст Лукаш Вісінгр.
Паводле яго, адрозна ад Украіны, колькасьць салдатаў, танкаў, самалётаў або ракетных установак у Беларусі — гэта ня проста лічбы на паперы, яна больш-менш адпавядае рэчаіснасьці. «Гэта ня так, як ва Ўкраіне, дзе, калі абвясьцілі мабілізацыю, зьявіліся толькі дзесяць працэнтаў людзей», — кажа Вісінгр.
У гэтым параўнаньні з Украінай адрозьніваюцца і іншыя аспэкты. У тым ліку і значна цяплейшае стаўленьне да Расеі. Украінскі сцэнар пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе і падзеяў на ўсходзе Ўкраіны амаль напэўна не паўторыцца, мяркуе экспэрт.
«Беларусы супраць расейцаў ваяваць ня будуць. Параўноўваць сытуацыю з Украінай у гэтым пляне абсурдна», — сказаў Вісінгр. Беларускія ўзброеныя сілы практычна тое самае, што і расейскія. Разам яны праводзяць вучэньні супраць «ворага з Захаду» і лічацца найбліжэйшымі хаўрусьнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка з аўтаматам — кепскі піяр ці грознае папярэджаньне?
«На вуліцах беларускія вайскоўцы будуць шчыраваць самі»
Цяперашняя сытуацыя, калі «непаслухмяны» Лукашэнка, які да нядаўняга часу стараўся праводзіць шматвэктарную палітыку, страціў шанцы на збліжэньне з Захадам, прынамсі задавальняе Маскву. «Усё, што ў яго засталося, — гэта зноў схіліцца да Расеі, што таксама вітае войска Беларусі», — сказаў Вісінгр.
Паводле яго, калі Масква якім-небудзь чынам умяшаецца ў справы Беларусі, «расейскія салдаты ня будуць біць пратэстоўцаў на плошчах і вуліцах гарадоў». Хутчэй размова пойдзе пра разгортваньне войска на заходніх межах на той падставе, што гэта вучэньні для падтрымкі бясьпекі і супрацоўніцтва. «Яны прышлюць некалькі вайсковых адзінак, якія будуць разьмешчаныя на мяжы з Польшчай і Літвой і будуць там трохі шумець. А ўжо на вуліцах беларускія вайскоўцы будуць шчыраваць самі», — дадаў Вісінгр.