Алег Міхалевіч забраў сваю працоўную кніжку. Ён падтрымаў калектыў, які звольніўся ў знак пратэсту супарць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Аб прычынах свайго сыходу са «Сталіцы», якую ўзначальваў 11 гадоў, расказаў TUT.BY.
«Пайшла большая частка калектыву, дзесьці 11-12 чалавек. Некалькі засталіся: хтосьці ў адпачынку, нехта ў дэкрэце».
Як Алег Міхалевіч прыняў такое рашэньне?
«Пасьля страшных падзей, якія адбыліся ў ноч з 9 на 10 жніўня і ў наступныя дні да мяне зьвярнуліся мае калегі, вядоўцы. Яны хацелі выступіць са зваротам да нашых слухачоў і асудзіць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян. Мы не заклікалі да нейкага страйку, мы спачатку хацелі проста выступіць са зваротам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш ня можам казаць „Добрай раніцы“». На знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца»Міхалевіч падтрымаў гэтую ідэю і зьвярнуўся да кіраўніцтва.
«Нам паабяцалі, што зварот пакажуць кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту. Потым патэлефанавалі і сказалі, што Эйсмант хоча сустрэцца з калектывам усяго Дома радыё (а ня толькі „Сталіцы“). 14 жніўня, некаторыя людзі выходзілі на зьмену а 5-й раніцы і заставаліся да 7 вечара, калі была прызначаная сустрэча. Людзі чакалі да апошняга, але ніхто з намі так і не сустрэўся. Сказалі, што старшыня быў заняты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь дзяржаўнай газэты «Звязда» звольніліся некалькі журналістаў, якія дамагаліся аб’ектыўнай падачы інфармацыі17 жніўня усе забаўляльныя шоў былі адмененыя. Вядоўцы ня выйшлі ў эфір.
«Я іх выдатна разумею, усе былі ў прыгнечаным стане. Шмат у каго затрымалі сяброў, знаёмых. Яны праводзілі ночы ля Акрэсьціна, таму што не маглі іх знайсьці. Калі ёсьць пацярпелыя, вельмі цяжка працаваць у эфіры і весяліць народ. А „Сталіца“ — музычна-інфармацыйная станцыя. У нас забаўляльных праграм было шмат».
18 жніўня кіраўніцтва прапанавала працягнуць працу, але не паведамляць навіны пра палітыку.
«Супрацоўнікі хацелі даваць пазыцыю двух бакоў. І афіцыйную, і альтэрнатыўную. Якую хацела кіраўніцтва? Не магу адказаць за іх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З БТ звольнілася аўтарка дзясяткаў фільмаў пра гісторыю БеларусіЯкія пляны на будучыню? Першы час хачу прыйсьці ў сябе, адказвае Алег Міхалевіч.
«Я два тыдні ня спаў, увесь гэты час на заспакаяльных сродках. Я ж усё гэта чытаў, бачыў фатаграфіі. Мне вельмі цяжка цяпер гаварыць. Наогул я вельмі хацеў і далей працаваць на „Сталіцы“. У нас вельмі добры калектыў. Калі атрымаў працоўную кніжку, убачыў, што яна ўся сьпісаная падзякамі, шмат запісаў аб узнагароджаньні. Нават давялося зрабіць ўкладыш. Што да лёсу „Сталіцы“, то мы не апусьцім рук, будзем шукаць нейкія варыянты. Можа, не ў эфіры. Што-небудзь прыдумаем. Гэтага хочуць і нашы слухачы. Яны нам пішуць, падтрымліваюць».
Цяпер у эфіры радыё гучыць плэй-ліст, які на просьбу Дома радыё падрыхтавалі самі супрацоўнікі перад сваім звальненьнем.