Наша Ніва разьмясьціла відэазапіс, на якім відаць, як салдат наўмысна страляе ў журналістку выданьня Натальлю Лубнеўскую з адлегласьці 10 мэтраў.
Натальля Лубнеўская атрымала раненьне 10 жніўня і з таго часу знаходзіцца ў шпіталі. Раненьне кваліфікавалі як агнястрэльнае.
«Я падавала заяву ў Сьледчы камітэт. У межах праверкі да мяне прыходзіў сьледчы 12 жніўня, і 21 жніўня прыходзіў сьледчы з Фрунзэнскага СК, — кажа Натальля. — Крымінальную справу дагэтуль не завялі».
Натальля дагэтуль ня можа хадзіць, бо нага ў лянгеце.
«Дакладных прагнозаў я ня ведаю, — кажа дзяўчына. — Куля прайшла вельмі блізка ад каленнага сустава, ён не закрануты, але пасьля лячэньня спатрэбіцца час, каб распрацаваць яго і вярнуць ранейшую функцыянальнасьць».
Дактары расказалі Натальлі, што агнястрэльныя раненьні вельмі цяжка загойваюцца, бо вакол раны адміраюць тканкі і зашыць іх адразу нельга.
Гэта не адзіны выпадак наўмыснага стрэлу ў бяззбройных людзей. У той жа дзень 10 жніўня ў Берасьці стаматоляг Вольга Рыбакова атрымала агнястрэльнае раненьне ў жывот. Яна была на гаўбцы сваёй кватэры і бачыла, як людзі ў чорнай форме са шчыткамі цягнулі хлопца і білі дзяўчат.
«Адзін зь іх ударыў дзяўчынку нагой. Я закрычала: „Што вы робіце! Перастаньце!“ На гэта адзін з супрацоўнікаў у грубай форме загадаў усім схавацца. Ніхто не чакаў, што могуць страляць, але ён у мяне стрэліў». Гэта Вольга расказала выданьню Tut.by.
Вольга таксама ляжыць у шпіталі.
Сьледчы камітэт абяцаў Радыё Свабода даць камэнтар у справе Натальлі Лубнеўскай. Ён будзе далучаны да публікацыі адразу пасьля атрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА
Перавышэньне службовых паўнамоцтваў: ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня
Паводле экспэрта ў бясьпецы, экс-супрацоўніка Генэральнай пракуратуры Беларусі Андрэя Сыцько, сілавікі неправамерна ўжывалі спэцсродкі і сілу. У законе апісана, як стасаваць сілу, спэцыяльныя сродкі і зброю.
«У інструкцыях пералічаныя выпадкі, у якія месцы і ў якіх выпадках можна наносіць удары, куды можна страляць у крайніх выпадках. Удар дручком, да прыкладу, няможна наносіць у галаву ці па шыі. А тут бачна, што дручкамі білі куды заўгодна. Нельга біць дручком па нырках ці каленях», — прыводзіць прыклады экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 10 гадоў зьняволеньня. Якія законы могуць парушаць сілавікі пры жорсткіх разгонахДушыльныя прыёмы сілавік можа ўжываць, калі ёсьць пагроза жыцьцю яго ці грамадзянаў, працягвае Андрэй Сыцько. А ўдар у твар — гэта наагул не прыём барацьбы.
«Прыёмы і спэцсродкі могуць прымяняцца сувымерна, калі чалавек можа ў адказ ужыць зброю ці зрабіць нешта такое, ад чаго пацярпяць людзі. Калі чалавека некалькі гадзін трымаюць, укладваюць, душаць, то гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў», — кажа Андрэй Сыцько.
У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул «Перавышэньне службовых паўнамоцтваў». За іх наўмыснае перавышэньне прадугледжана пакараньне ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Калі ж гэта прывяло да «цяжкіх наступстваў», то максымальны тэрмін — 10 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За выкананьне злачыннага загаду — крымінальная адказнасьць. Артыкул 40 КК РБ
Перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналістаў: да 3 гадоў зьняволеньня
У Беларускай асацыяцыі журналістаў заявілі аб шматлікіх фактах нападаў на журналістаў — каля паўсотні па ўсёй краіне. Некаторых журналістаў білі, фотакарэспандэнтку «Нашай нівы» паранілі гумавай куляй.
«На ўчорашніх кадрах відаць, як ударылі чалавека, які абазначаны камізэлькай „Прэса“; яго б’юць кулаком — гэта не прыём барацьбы. Чалавек не супраціўляўся, не вырываўся, але ў яго адбіраюць флэшку і ён дастае ў твар. Гэтыя дзеяньні нічым не абгрунтаваныя. Яны пачалі забіраць тэхніку, псаваць яе, то бок тэхніка пашкоджаная невыпадкова», — кажа Андрэй Сыцько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік прэзыдэнцкага пулу журналістаў звольніўся з АНТ і асудзіў міліцэйскі гвалтУчора ў раёне мэтро «Пушкінская» ў журналістаў мэтанакіравана забіралі флэшкі і камэры, у менскім раёне Серабранцы зьбілі карэспандэнтаў «Комсомольской правды в Беларуси».
Перашкода ў якой бы ні было форме прафэсійнай дзейнасьці журналіста, прымус яго распаўсюджваць або адмовіцца ад распаўсюджваньня інфармацыі з ужываньнем гвалту і пашкоджаньнем ягонай маёмасьці цягне кары ад штрафу да 3 гадоў зьняволеньня.