26 актораў Магілёўскага драматычнага тэатру распаўсюдзілі адкрыты зварот, у якім заклікалі ўладу да дыялёгу з грамадзтвам і выказалі абурэньне рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўлады супраць беларускага грамадзтва.
На іхную думку, прычыны незадаволенасьці ўладай палягаюць «у грубым, сыстэматычным здушэньні дзяржаўным апаратам правоў і свабодаў грамадзян, зьнявазе нормаў права і маралі, падзеньні ўзроўню жыцьця». Усё гэта, лічаць акторы, прывяло да сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра Купалаўскі тэатар: будзе поўная свабода і рынкавыя адносіныАўтары звароту просяць грамадзянаў і СМІ падтрымаць іхныя патрабаваньні і разаслаць органам дзяржаўнай улады. Сярод іх:
- Не дапускаць закрыцьця тэатраў праз палітычныя погляды работнікаў;
- Неадкладна спыніць гвалт сілавых структураў, які працягваецца дагэтуль;
- Спыніць перасьлед актывістаў, асобных грамадзян і групаў, якія выказваюць пратэст супраць дзеяньняў улады, у тым лік спыніць шантаж работнікаў кіраўніцтвам установаў і прадпрыемстваў;
- Спыніць скажэньне інфармацыі аб падзеях дзяржаўнымі СМІ;
- Правесьці новыя дэмакратычныя, свабодныя і празрыстыя выбараў прэзыдэнта, як адзінага магчымы шлях да пераадоленьня расколу ў грамадзтве.
Раней Магілёўскі тэатар і мастацкі музэй імя Масьленікава заклікалі прадстаўнікоў дзяржаўных службаў і органаў «прыслухацца да голасу розуму і чалавечнасьці».
Яны нагадалі сілавікам «пра неад’емнае права грамадзян на мірныя сходы, свабоду думак і перакананьняў, а таксама свабоду слова ды руху».
«Атмасфэра страху і гвалту не дае магчымасьці нам, грамадзянам, жыць і працаваць, а пра творчасьць гаворкі наагул няма», — даводзілі работнікі культуры.