У горадзе Глыбокае 21 жніўня звольнілася з працы 28-гадовая Марына Сакалоўская, намесьніца начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і ў справах моладзі райвыканкаму.
Яна расказала TUT.BY, што падала заяву 10 жніўня, на наступны дзень пасьля выбараў прэзыдэнта, але кіраўніцтва адправіла яе ў адпачынак за свой кошт на 10 дзён — у спадзяваньні, што маладая спэцыялістка «адумаецца». Але дзяўчына свайго рашэньня не зьмяніла.
«Зрабіла гэта, бо так падказала сумленьне. Не змагла б працаваць там, дзе ад мяне чакалі, што я буду падманваць людзей, — патлумачыла яна. — Чым буду займацца далей, складана сказаць. Ня ўтойваю, мне было складана прыняць гэтае рашэньне, траціць працу страшна. Гэта грошы, гэта занятасьць. Але я разумею: мне 28 гадоў — і ўсё яшчэ наперадзе. Падала заяўку на навучаньне і перакваліфікацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва звольніўся з прычыны сытуацыі ў краінеПаводле Сакалоўскай, у райвыканкаме яна адпрацавала 5 месяцаў:
«Займалася ў асноўным культурай, падрыхтоўкай фэстываляў, сьвятаў. Да прыходу ў райвыканкам я таксама працавала ў сфэры культуры, тры гады. Адукацыяй я тэоляг-рэлігіязнаўца, выкладчыца этыкі, эстэтыкі і культуралёгіі».
Па словах Марыны, ужо на этапе збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты ў «райвыканкаме панавала сапраўдная гістэрыя».
«У райвыканкаме панавала самая сапраўдная гістэрыя: паведамілі, што сабралі мала подпісаў за вылучэньне кандыдатам дзейнага прэзыдэнта. Усім загадалі больш актыўна падключацца, каб сабраць як мага больш подпісаў, — расказала яна. — І я дакладна ведаю, што не чальцы ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі хадзілі па працоўных калектывах, у тым ліку ўстановах культуры, а таксама зьбіралі подпісы за яго. Некаторых шантажавалі звальненьнем, непрацягненьнем кантракту».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ чацьвёра афіцэраў падалі рапарты аб звальненьні24 ліпеня у 18-тысячнае Глыбокае прыехала кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская. На яе мітынг прыйшла тысяча чалавек.
«Што рабілася ў аддзеле ідэалёгіі, не перадаць! Туды (на мітынг) адправілі «свайго» чалавека. Ён слухаў і глядзеў, тэлефанаваў у выканкам і ўсё перадаваў, — падзялілася Марына. Пасьля мітынгу, паводле яе, мясцовыя чыноўнікі пачалі масава пісаць у сацсетках, што мітынг не атрымаўся і народу на ім было мала:
«Спэцыялісты аддзелу, члены БРСМ пачалі рэгістравацца і пісаць камэнтары, што, маўляў, на мітынг прыйшло мала людзей, ды і тыя былі прыежджыя зь іншых гарадоў. Мяне таксама прасілі пісаць падобныя камэнтары. Але я сказала «не», — сказала Сакалоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш ня можам казаць „Добрай раніцы“». На знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца»Акрамя гэтага кіраўніцтва таксама папрасіла чыноўніцу «масіравана адпрацаваць» фільм, разьмешчаны на канале НЕХТА: «дызлайкі, адмоўныя камэнтары, скаргі на пост»:
«Я сказала, што адмаўляюся выконваць гэта дурное даручэньне. Тады я пачула пра сябе шмат цікавага і новага. Маўляў, ты дзяржслужачая, і пакуль ты тут, павінна гэта рабіць, ты падстаўляеш начальніка і ўсіх», — пераказвае яна гаворку з кіраўнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З адміністрацыі Лукашэнкі звольніўся адзін з ключавых юрыстаў8 жніўня, паводле Марыны, яе папрасілі «прыбраць» з аднаго з участкаў незалежнага назіральніка.
«Я ператэлефанавала сваёй калезе, паведаміла, што на ўчастку ўсё ў парадку, незалежны назіральнік нікому не перашкаджае. На што пачула: „Гаворка ня йдзе пра тое, перашкаджае ён рабоце камісіі ці не. Проста прыбірай яго адтуль“, — кажа Сакалоўская. — Але я сказала, што нікога ніадкуль „прыбіраць“ ня буду».
«Ведаю, што на многіх участках у Глыбоцкім раёне ня вывесілі выніковых пратаколаў і любымі спосабамі імкнуліся не пусьціць незалежных назіральнікаў», — таксама паведаміла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты сыходзяць зь дзяржаўных СМІ. СЬПІС абнаўляеццаГэта ня першы выпадак звальненьня зь дзяржслужбы або зь дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі за апошнія тыдні. Сярод тых, хто гэта зрабіў, намесьнік начальніка ўпраўленьня заканадаўства ў праваахоўнай і вайсковай сфэрах галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Арцём Праскаловіч і вядучы навінаў на канале «Беларусь-1» Сяргей Казловіч.