На думку бацькі, Канстанцін Шышмакоў з Ваўкавыска, які не падпісаў выбарчы пратакол, учыніў самагубства.
Бацька загінулага дырэктара вайскова-гістарычнага музэю ў Ваўкавыску Канстанціна Шышмакова Андрэй расказаў пра сваю вэрсію сьмерці сына, працу Канстанціна і тое, як ён ставіцца да праверкі Сьледчага камітэту.
29-гадовы Канстанцін Шышмакоў зьнік увечары 15 жніўня. Пазваніў жонцы, сказаў, што ня будзе больш працаваць у музэі і што едзе дадому. Са словаў бацькі, Канстанцін адмовіўся падпісаць выніковы пратакол выбарчай камісіі 9 жніўня. Паміж 9 і 15 жніўня быў у адпачынку. Ягоны аўтамабіль знайшлі ў Мастоўскім раёне 18 жніўня, а неўзабаве — і ягонае цела ў лесе побач. У Канстанціна засталася жонка і 4-гадовая дачка.
«Косьця быў сумленным чалавекам. Ён ня быў рэвалюцыянэрам, ён быў проста сумленным. Тое, што ён зрабіў, тое зрабіў — не падпісаў пратакол. Ён на гэтым не піярыўся. Акрамя бацькоў, ён пра гэта нікому не расказаў. Калі б ён хацеў быць рэвалюцыянэрам, ён бы ўсіх паінфармаваў», — кажа бацька нябожчыка Андрэй Шышмакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктара Ваўкавыскага музэю, які адмовіўся падпісваць выбарчы пратакол, знайшлі мёртвымНа ягоную думку, сын учыніў самагубства.
«Я быў вельмі зьдзіўлены і вельмі ашаломлены. Але я прысутнічаў у Горадні ў судмэдэкспэртызе, калі яго прывезьлі, памылі, пасьля ўскрыцьця. Я бачыў усё. Я запэўніваю ўсіх, што фізычнага ўзьдзеяньня там дакладна не было», — адзначыў бацька.
На ягонае перакананьне, сын быў вельмі моцным духам і прынцыповым чалавекам, які ніколі нічога не баяўся. Бацька дапускае вэрсію «прымусу», падкрэсьлівае, што гэта ягоны ўласны пункт гледжаньня.
Шышмакоў-старэйшы заявіў, што дзейнічае адпаведна закону аб зваротах грамадзянаў, піша ва ўсе інстанцыі. Ён думае, што бюракратычную дзяржаву можна перамагчы толькі калі «дзяўбці іх» бюракратычнымі заявамі.
«На сёньня мне таксама хочацца давесьці, што мой сын не слабы духам і ня хворы», — падкрэсьліў бацька.
Ён адзначыў, што Канстанцін хацеў звольніцца яшчэ сёлета ўзімку, «бо сыстэма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні прайшла жалобная акцыя памяці дырэктара ваўкавыскага музэю. ФОТА«Да прыкладу, у красавіку яго караюць, бо мала наведнікаў у музэі. А ў траўні караюць, бо шмат наведнікаў: „Як падчас вірусу ты водзіш туды людзей?“ Неадпаведнасьць самой сыстэмы», — адзначыў Андрэй.
Шышмакоў стаў дырэктарам музэю амаль тры гады таму. Зь дзяцінства гісторыя Беларусі для яго была прыярытэтам, нечым сьвятым. Вучыўся ў Горадзенскім унівэрсытэце на факультэце гісторыі. Калі ажаніўся, пераехаў у Ваўкавыск.
«Ён ведаў гісторыю лепей, чым акадэмік, прычым афіцыйную і неафіцыйную... Працу знайшоў у музэі, знайшоў сваё. Чалавек, які любіць гісторыю роднага краю, асабліва Заходняй Беларусі», — апавядае бацька.
Папярэдняя дырэктарка музэю пайшла на пэнсію і ўгаварыла Канстанціна заняць ейнае месца, бо «ведала, хто ён такі, і хацела дабра музэю».
«Ён любіў працу ў музэі. Але праз паўгода-год ён перастаў любіць працу дырэктара карэнным чынам», — расказвае Андрэй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам тут яшчэ жыць, усе баяцца». У Ваўкавыску разьвіталіся з дырэктарам музэю, які зьнік пасьля выбараўКанстанціна пахавалі 20 жніўня ў закрытай труне, бо цела некалькі дзён ляжала на сьпёцы, пакуль яго не знайшлі.
«Я бачыў усё. Ніводнаму чалавеку такое бачыць нельга са сваімі блізкімі», — адзначыў бацька.
Сьледчы камітэт Мастоўскага раёну праводзіць праверку факту сьмерці мужчыны. Андрэя Шышмакова ўжо апытвалі 3,5 гадзіны.
Ён мяркуе, што там ідзе сур’ёзная праца.
«Мяне складана падмануць. Я чалавек, які ўжо пажыў. Сёньня Сьледчы камітэт сапраўды працуе. Там людзі сумленныя, прафэсіяналы. Яны не разглядаюць толькі адну вузкую вэрсію. Калі быў прымус, то яны знойдуць», — верыць бацька.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.