Каля 150 чалавек прыйшлі разьвітацца з памерлым Канстанцінам Шышмаковым, дырэктарам музэю ў Ваўкавыску, які нібыта адмовіўся падпісаць пратакол выбарчай камісіі.
Канстанціну Шышмакову было 29 гадоў. Ён працаваў дырэктарам вайскова-гістарычнага музэю імя Баграціёна ў Ваўкавыску на Горадзеншчыне. Быў сябрам выбарчай камісіі на сёлетніх выбарах. У яго засталіся жонка і малая дачка.
Як раней казаў Канстанцінаў бацька Андрэй расейскаму выданьню «Медуза», сын не падпісаў выніковы пратакол 9 жніўня. Потым тыдзень ён быў у адпачынку. У нядзелю 15 жніўня выйшаў на працу, увечары пазваніў жонцы, што працаваць у музэі больш ня будзе, сказаў, што едзе дахаты. Дадому ён не вярнуўся.
У той вечар жонка заявіла ў міліцыю аб зьнікненьні мужа. Пошукавы атрад «Ангел» 18 жніўня знайшоў аўтамабіль мужчыны ў Мастоўскім раёне, а потым і ягонае цела паблізу ў лесе.
На тэрыторыі шпіталю разьвітальная заля. Невялікімі групкамі стаяць людзі. Цішыня. Не даносяцца нават абрыўкі размоваў. На крэсьле перад уваходам, схіліўшыся да каленяў бесьперапынна плача маленькая сухенькая жанчына. Гэта бабуля Канстанціна.
«Я нічога ня ведаю», — кажа бледны мужчына ў чорным. Кажа, што ён дзядзька нябожчыка, і накіроўвае да блізкіх сваякоў. Яго ўвесь час трасе дробнымі дрыжыкамі. Ён намагаецца стрымліваць плач. Асобна стаяць маці і бацька нябожчыка Андрэй, а таксама жонка Марыя зь сястрой. Гаварыць яны адмаўляюцца.
«Даруйце, мы ня будзем камэнтаваць. Мне вельмі шмат званіла журналістаў з Масквы, зь Пецярбургу. Мы нічога ня будзем гаварыць. Я не хачу. У мяне дзіця», — ветліва адказвае Канстанцінава ўдава. Марыя працуе пэдагогам-арганізатарам у мясцовай гімназіі. У сям’і расьце 4-гадовая дачка. Знаёмыя сямʼі кажуць, што Канстанцін вельмі любіў малую, сужэнцы плянавалі яшчэ дзяцей.
Прывезьлі труну, века не адкрылі. Кветкі кладуць проста зьверху. Прынесьлі партрэт з чорнай стужкай, зь якога глядзіць зусім малады хлопец. Сьпяваюць запрошаныя жанчыны-каталічкі. Бабуля сядзіць гэтак жа схіліўшыся і плача. Рыдае ўдава. Непрыкметна стаіць у залі малады ксёндз.
«Miej miłosierdzie dla nas i całego świata», — гучна моляцца людзі. Калі і перагаворваюцца, то паўшэптам. Канстанціна характарызуюць каротка: «Добры чалавек». Гаварыць пра абставіны перад ягонай сьмерцю, пра атмасфэру на працы ніхто ня хоча — «у нас маленькі гарадок, нам тут яшчэ жыць, усе баяцца». «Гэта крывадушша... Я думаю, усе, хто тут знаходзіцца, ведаюць сапраўдную прычыну», — ціха кажа знаёмая сямʼі.
«У іх былі вельмі добрыя адносіны. Нехта зараз спрабуе казаць, нібыта побытавыя праблемы яго падкасілі. Гэта дакладна ня так. У іх была вельмі здаровая сямейная атмасфэра», — тлумачыць калега Марыі, якая прыйшла яе падтрымаць.
Прыйшлі разьвітацца жыхары Ваўкавыску, якія ня ведалі нябожчыка.
«Усе пра гэта кажуць — якая несправядлівасьць. Такога проста так не бывае», — мяркуе адзін зь іх. Некаторыя калегі Канстанціна з працы плачуць, размаўляць ня хочуць: «Нам няма чаго пра гэта сказаць». Коратка адзначаюць, што быў добрым чалавекам.
З Горадні прыехалі аднагрупнікі Канстанціна па вучэльні, супрацоўнікі іншых музэяў. Яны кажуць пра яго як пра добрага, адказнага, актыўнага чалавека, які заўсёды быў гатовы дапамагчы. Дырэктарам стаў, бо, відаць, не было іншай добрай кандыдатуры на гэтае месца.
«Калі ён браўся за справу, заўсёды рабіў. На працы пачуваўся выдатна. Што магло здарыцца, цяжка сказаць», — кажа ягоны былы аднагрупнік Павел.
Наперадзе разьвітальнай працэсіі ідуць некалькі мужчын у белых адпрасаваных кашулях і дзелавых споднях. Твары не заплаканыя і не засмучаныя. Адзін зь іх увесь час нэрвова азіраецца. «Чаго вы тут здымаеце? Вам тут вясельле ці што?» — строга пытаецца ён.
Ніхто са сваякоў дагэтуль не абураўся тым, што прыехалі і працуюць журналісты.
Мужчына ў белай кашулі кажа, што з Канстанцінам не працаваў разам, але «перасякаліся па працы». Заўважае, што прычынай сьмерці маглі стаць сямейныя праблемы, і сыходзіць ад гутаркі.
Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце сьмерці мужчыны 1991 году нараджэньня. Паводле папярэдняй вэрсіі, крыміналу ў сьмерці мужчыны ня выявілі.