Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты сказала, што страйкоўцы напужалі дыктатуру, таму на іх і ціснуць. Яна заклікала рабочых абʼяднацца і запэўніла іх у грамадзкай падтрымцы. Ціханоўская заявіла, што забастоўкі — легальная і магутная зброя супраць рэжыму.
У сваім звароце Ціханоўская сказала:
«Дарагія мае беларусы, работнікі «Беларуськалію», МТЗ, «Гродна Азота» і іншых прадпрыемстваў! Вы сымбаль новай свабоднай Беларусі.
Мы мірная працавітая нацыя. Мы сіла, якая можа зьмяніць і ўжо мяняе будучыню нашай краіны. Краіны, якую ён хоча ў нас скрасьці, як ён ужо скраў наш выбар, скалечыў нашых братоў і сясьцёр, мужоў, дзяцей. Каб спыніць гэтую сваволю, мы павінны абʼяднацца.
Прыйшоў час згуртавацца. Вы ўжо паказалі неімавернае адзінства і праявілі сталёвую вытрымку. За гэта вам вялікі дзякуй.
Вы запужалі дыктатуру, яна дрыжыць ад страху перад вамі, вашай сілай і мужнасьцю. Таму сёньня вы адчуваеце велізарны ціск. Таму зазнаяце пагрозы. Забастоўкі заціснулі дыктатуру ў кут, паранілі яе ў самае сэрца. Таму цяпер вас усімі спосабамі намагаюцца разьяднаць і пасварыць. Бо калі мы будзем усе разам, у гэтага рэжыму не застанецца ніводнага шанцу.
Забастоўкі — гэта абсалютна легальная і магутная зброя супраць рэжыму. Яны гэта ведаюць, і таму вас запалохваюць. Пакіньце страх дыктатуры. Памятайце, вы не адны. З вамі ўся Беларусь. У фонды падтрымкі ўжо ахвяраваныя мільёны, каб дапамагчы вам вытрымаць ціск і не зламацца пад пагрозамі.
Будучыня Беларусі, а значыць і будучыня нашых дзяцей залежыць цяпер ад вашага адзінства і вашай рашучасьці. Таму я прашу вас — працягвайце і пашырайце забастоўкі. Не паддавайцеся на запалохваньні. Абʼядноўвайцеся. Мы прымусім ўладу, якая зачынілася ў сваіх палацах, пачуць нашыя галасы, якія яна ў нас скрала.
Нашыя мэты простыя: спыніць гвалт, вызваліць палітычных зьняволеных і правесьці новыя празрыстыя, свабодныя і сумленныя выбары.
Разам мы сіла. Сіла, перад якой ня вытрымае ніякая дыктатура. І памятайце — толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцьця».
20 жніўня затрымалі старшыню страйкаму МАЗу Яўгена Бахвалава. 21 жніўня ў сьледчы камітэт выклікалі кіраўніка страйкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першая хваля была як рэпэтыцыя». Кіраўнік страйкаму МТЗ лічыць, што будзе другая хваля забастовак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаго вы баіцеся?» Штаб Бабарыкі апублікаваў зварот да беларускіх сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля дому Латушкі працуюць сьледчыяГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вынікі выбараў ЦВК узяў з паветра». Стваральнік плятформы «Голас» упершыню назваў сваё імя