Былы камандзір 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады, падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў запасу Валер Сахашчык і інтэрвію «Брестской газете» расказаў пра стаўленьне да сытуацыі ў краіне і пра тое, чым маглі скончыцца канфлікты каля берасьцейскіх СІЗА і ІЧУ.
«На жаль, я бачу, што нашы сілавікі не гатовыя спакойна размаўляць з народам, — кажа былы вайсковец. — У іх дзьве крайнасьці: альбо не рабіць нічога, альбо адразу біць. Вельмі хацелася б, каб людзі зразумелі: ёсьць яшчэ маса дыпляматычных варыянтаў, якія дадуць магчымасьць вырашыць канфлікт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньніВалер Сахашчык падчас канфліктных сытуацыяў добраахвотна выступаў у якасьці перамоўніка, і некалькі разоў гэта ратавала ад непажаданых наступстваў.
«Я затрымаўся на плошчы, калі прапаноўваў пракурору варыянты, як вызваліць затрыманых людзей. Але пакуль размаўляў, патэлефанавалі, што сытуацыя каля СІЗА напружаная: паехаў АМАП і зараз нешта будзе. Калі я прыйшоў, выявілася, што народ насамрэч заведзены. Давялося прыкласьці намаганьні, каб супакоіць людзей. Перадаў зьмест размовы з пракурорам — што ёсьць добрая воля ўладаў, што пытаньне будзе апэратыўна разглядацца, але ня можа вырашыцца імгненна. Нібыта атрымалася народ супакоіць, астудзіць запал».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля шматтысячнага шэсьця ў Берасьці затрымалі лідэра панк-гурту «Дай Дарогу!» Юрыя СтыльскагаДалей Валер Сахашчык ініцыяваў перамовы з начальнікам СІЗА, знайшлі кампрамісы. Дамовіліся, што будзе ўпушчана дэлегацыя, якая ўбачыць умовы ўтрыманьня.
«Як толькі мы скончылі перамовы, выйшаў начальнік СІЗА і кажа: „Усё, я атрымаў распараджэньне — выпускаем людзей“. Не было ўжо сэнсу заходзіць туды дэлегацыяй, толькі час змарнавалі б. Спачатку ішло павольней, чым усе хацелі, але ўрэшце ўсё завершылася добра. Усе мае хлопцы-дэсантнікі там жа былі, каб супакойваць людзей, трымаць у нейкіх рамках. А калі ўжо большую частку людзей выпусьцілі, многія сышлі, стала лягчэй», — расказаў Валер Сахашчык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор». Што кажа дачка пра сьмерць берасьцейца ад раненьня ў галавуПрадстаўнікі сілавых структураў не павінны забываць пра самы першы варыянт — гутарку з апанэнтамі, працягвае ён. Можна і трэба выйсьці бяз бронекамізэлькі і аўтамата, спакойна выслухаць меркаваньні і дыпляматычна вырашыць пытаньні.
«Сумна, што ўзровень прафэсійнай падрыхтоўкі не дазваляе сілавікам правільна ацэньваць сытуацыю, займацца прафіляктыкай, прымаць меры негвалтоўнага ўплыву на стадыях, калі працэс толькі пачынаецца. Яшчэ 9 жніўня можна было ўсё перадухіліць і спакойна даць народу выпусьціць пару. Ня трэба выганяць „касманаўтаў“ сотнямі на вуліцы і ўсіх запалохваць, ганяць аўтазакі, а трэба выходзіць і размаўляць. Людзі ў нас міралюбівыя. А іх прымушаюць нэрвавацца, да іх паварочваюцца сьпінай і спрабуюць вырашыць пытаньні сілай. Гэта было памылкай», — падсумаваў былы камандзір 38-й мабільнай брыгады.