У Берасьці пасьля шматтысячнага шэсьця прыхільнікаў пераменаў затрымалі лідэра панк-гурту «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, паведаміў прадусар гурту Ўладзімер Ёдаў.
Як паведамляе афіцыйная старонка гурту «ЎКантакце», яго затрымалі ля дому ў Берасьці.
«Сёньня Юры ўзначаліў шматтысячную калёну людзей, якая прайшла маршам праз увесь горад. Таксама ён вёў жывы эфір у свой інстаграм», — паведамляецца на старонцы гурту.
Паводле ацэнкі праваабаронцы Рамана Кісьляка, на якога спасылаецца БелаПАН, у шэсьці ўзялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек.
Акцыя пачалася каля 18.00 ад плошчы Леніна. Калёна дэманстрантаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, кветкамі і белымі шарамі прайшла па вуліцы Леніна, праспэкце Машэрава і вуліцы Маскоўскай. Ідучы, людзі скандавалі: «Лукашэнка — сыходзь!», «Верым! Можам! Пераможам!», «Нас — 97», «Забастоўка!», «Мы ідзем бясплатна!», «Брэст — выходзь!», «Жыве Беларусь!».
Каля 19.30 дэманстранты павярнулі на праспэкт Рэспублікі і накіраваліся ў мікрараён Кавалёва. Па дарозе да калёны далучаліся новыя ўдзельнікі.
З 12 жніўня штодня на праспэкце Машэрава ў Берасьці праходзяць «ланцугі салідарнасьці». Паводле зьвестак Кісьляка, сёньня ў такім «ланцугу» ўзялі ўдзел паўтары тысячы чалавек.