Дзейнасьць Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады стала падставай для пачатку крымінальнай справы паводле артыкулу «аб захопе ўлады», заявіў журналістам генэральны пракурор Аляксандар Канюк. Яго цытуе тэлеграм-канал пракуратуры.
«Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу», — заявіў Генэральны пракурор. Артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.
Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная.
«У сувязі з публічнай заявай генеральнага пракурора А. У. Канюка аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК РБ па факце стварэння Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выразна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі.
Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, цi ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — заявіла Каардынацыйная рада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава патлумачыла сваю заяву аб магчымым удзеле Лукашэнкі ў новых выбарахКаардынацыйную раду дзеля трансфэру ўлады 14 жніўня ініцыявала кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская, якая ў мэтах бясьпекі зьехала ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабуем, каб улада пайшла на дыялёг». Як будзе працаваць Каардынацыйная рада