Паводле актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова, ягоны аўтамабіль арыштавалі і праз 10 дзён выставяць на аўкцыён за нявыплачаныя штрафы.
«Сёньня да мяне прыйшоў судовы выканаўца зь Першамайскага раёну, апісаў аўтамабіль і сказаў, што гэта канчатковае рашэньне: праз 10 дзён аўтамабіль выставяць на аўкцыён. На мне „вісіць“ штрафаў на 150 базавых велічынь. Выканаўцу пасьпеў адказаць, каб пазначылі, што маю машыну адабралі за штрафы, прызначаныя за акцыі пратэсту. А гэта значыць, што новаму ўласьніку майго аўтамабіля давядзецца яго вярнуць, калі ўлада зьменіцца», — расказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.
Леанід Кулакоў — былы таксіст, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», удзельнік абароны Курапатаў і пікетаваньня рэстарацыі «Поедем поедим». Першы раз у Кулакова апісалі ягоны «Фольксваген» яшчэ ў 2017 годзе, пасьля ўдзелу ў мітынгах пратэсту недармаедаў, потым яго абмяжоўвалі ў правах на абыходжаньне аўтамабілем. Некалькі разоў Леаніду Кулакову ўдавалася выплаціць накладзеныя на яго штрафы і аднавіць працу таксістам, але яго зноў затрымлівалі і штрафавалі. Напярэдадні выбараў 9 жніўня Леаніда Кулакова чарговы раз затрымалі, ён адбыў 10 дзён у ізалятары на Акрэсьціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе могуць дапамагчы звольненым, страйкоўцам, пацярпелым. Сьпіc ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянткі жартавалі і ўсьміхаліся, а побач білі людзей». Менскі інжынэр пра зьбіцьцё і траўмы