Буйныя прадпрыемствы Горадні пачынаюць страйкаваць. На работнікаў цісьне кіраўніцтва.
«Гродна Азот»
Прадпрыемства надалей працуе, але рыхтуе страйк. Першымі плянуюць «выключыцца» цэхі аміяку. Яны зьбіраюць подпісы за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі. 19 жніўня сотні работнікаў гэтых цэхаў выйшлі на тэрыторыю заводу. Збор подпісаў у падтрымку забастоўкі ідзе па ўсім прадпрыемстве. На «Гродна Азоце», у склад якога ўваходзіць яшчэ адно хімічнае прадпрыемства «Хімвалакно», працуюць больш як 13 тысяч чалавек.
Па абедзе на «Гродна Азоце» каля тысячы чалавек выйшлі на прахадную, каб выказаць жаданьне баставаць. Работнікаў прыйшлі падтрымаць простыя гарадзенцы.
«Гроднажылбуд»
Сярод работнікаў прайшло галасаваньне, ці праводзіць забастоўку. Усяго на прадпрыемстве працуюць каля 3700 чалавек. Прагаласавалі 70% работнікаў. 75% тых, хто прагаласаваў, выступілі за страйк. Генэральны дырэктар Алег Ушкевіч сказаў супрацоўнікам, што паводле закону яны могуць пачаць страйкаваць толькі праз два тыдні. Частка работнікаў сабралася, каб пачаць страйк неадкладна, перадае супрацоўнік Дзьмітры Скамарохаў. Работнік Антон Сафонаў тлумачыць, што ім не хапае юрыдычных парадаў і падтрымкі людзей.
«Гроднапрамбуд»
Частка людзей плянуе баставаць. Кіраўніцтва на іх цісьне. Лічбы страйкоўцаў пакуль цяжка назваць, бо некаторых пераконвае кіраўніцтва, і яны бяруцца за працу.
Як расказала работніца «Гроднапрамбуду» Юлія Сьліўка, страйкоўцаў з розных участкаў завозяць у адно месца, забіраюць у іх прарабаў і майстроў, пакідаюць адных рабочых. Некаторым страйкоўцам зранку ня выдалі ключы ад бытовак і не дазволілі прайсьці на свае працоўныя месцы.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль без галадоўкі. Страйкам «Беларуськалію» вырашыў працягваць забастоўку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страйк на «Беларуськаліі». Стрым Свабоды з Салігорску ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў