Расею турбуюць спробы ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі, яны ажыцьцяўляюцца ў геапалітычных мэтах, заявіў у сераду міністар замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў, паведамляе Інтэрфакс.
«Нас трывожыць спроба выкарыстоўваць унутраныя складанасьці, зь якімі цяпер сутыкнулася Беларусь, беларускі народ і кіраўніцтва, для таго, каб ўмешвацца ў гэтыя падзеі, працэсы звонку. Ня проста ўмешвацца, а з мэтай навязаць беларусам тыя парадкі, якія вонкавыя гульцы лічаць для сябе выгаднымі», — сказаў Лаўроў у праграме «60 хвілін» на тэлеканале «Россия 1».
Паводле яго, «ніхто не хавае, што ідзецца пра геапалітыку, пра барацьбу за постсавецкую прастору».
«Мы бачылі гэтую барацьбу і на папярэдніх этапах разьвіцьця сытуацыі пасьля таго, як Савецкі Саюз спыніў сваё існаваньне. Апошні прыклад, зразумела, гэта Ўкраіна», — адзначыў кіраўнік МЗС РФ.
«Тое, што мы цяпер чуем з эўрапейскіх сталіц, перш за ўсё з Прыбалтыкі — Літва, Эстонія, — а таксама з Польшчы, Эўрапарлямэнту, — гэта ўсё не пра Лукашэнку, правы чалавека і дэмакратыю. Гэта ўсё пра геапалітыку. Пра тыя самыя правілы, якія нашы заходнія партнэры хочуць укараняць у паўсядзённае жыцьцё на нашым кантынэнце і ў іншых частках сьвету», — падкрэсьліў Лаўроў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэйм Літвы заклікаў не прызнаваць выбары ў Беларусі і ўвесьці санкцыіГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына: у Беларусі павінны прайсьці паўторныя выбары зь міжнароднымі назіральнікамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада, Ірляндыя не прызналі вынікі выбараў у Беларусі