Аналітык Свабоды Віталь Цыганкоў ацэньвае прамову Лукашэнкі на мітынгу ля дома ўраду.
З усёй краіны на мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі ўдалося вывесьці каля 10 тысячаў удзельнікаў. Значная частка — чыноўнікі і супрацоўнікі сілавых структураў.
Гэта, натуральна, кажа ня толькі пра рэальную падтрымку яго ў грамадзтве, але і пра цяперашнюю атмасфэру ў краіне, у якой прыходзіць на мітынг за Лукашэнку — ганебна і сорамна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў папрасіў Пуціна дапамагчы супрацьстаяць «зьнешнім пагрозам»Лукашэнка ў сваім выступе адкінуў увесь палітэс, дыпляматыю, палітычную мэтазгоднасьць. Ён гаварыў тое, што думае папраўдзе — як ён ставіцца і да беларусаў, якія ня згодныя зь ім, і да «міжнародных партнэраў».
«Усе нам зайздросьцяць. У нас няма сяброў, у нас няма
прыхільнікаў», — гэта проста асаблівы тып сьвядомасьці.
«Вы будзеце, як ва Ўкраіне, стаяць на каленях і маліцца невядома на каго», — вялікае прывітаньне прэзыдэнту Ўкраіны Зяленскаму і ўвогуле ўсім украінцам, якія маюць нейкія сымпатыі да Лукашэнкі і лічаць яго праўкраінскім палітыкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку падставілі ср...лізы, якія намалявалі яму няісныя 80%». Што кажуць на праўладным мітынгу ў Менску«Яны» (кажа не называючы, але яўна маючы на ўвазе палякаў) зноў хочуць, каб межы Беларусі праходзілі каля Менску.
Лукашэнка шкадуе пра «развал вялікай імпэрыі» — СССР, кажа, што Беларусь «атрымала абрубак гэтай імпэрыі». Гэта яўна эківок у бок Масквы, ад якой Лукашэнка зараз чакае хоць якой дапамогі.
Усё выглядала разьвітальнай прамовай чалавека, які нарэшце пакінуў сваю абрыдлую пасаду і працу, — і цяпер прагне сказаць усё, што ён пра гэта думае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыялёг Лукашэнкі з прыхільнікамі на мітынгу ў Менску: «Вы хочаце свабоды?» — «Не!»