Спачатку сям’я Віхораў тры дні шукала, куды дзеўся іх сын і брат Аляксандар. Ніхто не казаў. Потым даведаліся, што Саша ў моргу. Але прычыны сьмерці не названыя. Абставіны гібелі невядомыя.
«Яму проста злачынна не аказалі дапамогу, ён не памёр, ён загінуў», — кажа бацька Аляксандар.
«Мы хочам ведаць праўду — чаму загінула наша дзіця», — кажа маці Сьвятлана.
«Мы не дазволім, каб пасьля сьмерці наша ўлада ачарніла яго, каб сказалі, што ён ці наркаман, ці неадэкватны!» — кажа сястра Вольга.
25-гадовы Саша Віхор паехаў вечарам 9 жніўня на спатканьне са сваёй дзяўчынай. Ён жыве ў Касьцюкоўцы пад Гомлем, а дзяўчына — у спальным раёне Гомля. Таму Саша рабіў перасадку ў цэнтры гораду. І трапіў пад «хапун» АМАПу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне адмовіліся паказваць цела сына». У Гомлі пасьля затрыманьня памёр 25-гадовы хлопецЁн пасьпеў паведаміць маці, што яго затрымалі. Больш на сувязь не выходзіў. Бацькі кінуліся шукаць сына. У ніводным аддзеле міліцыі, ані ў сьледчым ізалятары, ані ў ізалятары часовага ўтрыманьня ім не далі ніякай інфармацыі.
«Быў у сьпісах на ІЧУ. Потым удакладнілі, што няма яго ў сьпісах. Шукала яго ў СІЗА, езьдзілі два дні па ўсіх інстанцыях», — плача маці.
Толькі 12 жніўня ёй сказалі ў Чыгуначным РАУС, што сын — у моргу. «Міліцыянты сказалі, што яму зрабілася блага, ён паводзіў сябе неадэкватна, і яго завезьлі ў псыхіятрычны шпіталь. Чаму? Ён адэкватны, нармальны, здаровы, былы спартовец, ён ня піў, не калоўся, не курыў нават! Я не дазволю ачарніць яго памяць, як гэта прынята ў нашай дзяржаве, зрабіць зь яго неадэкватнага, ці вар’ята, ці алькаголіка», — кажа маці.
У псыхіятрычным шпіталі лекары заўважылі, што гэта ня іхны пацыент, ён адэкватны, і выклікалі «хуткую». У Сашы раней былі праблемы з сэрцам.
«Я ня веру, што ён не сказаў міліцыі ці канвойным, што ён сардэчнік, што яму блага, што яму трэба дапамога! Ён казаў, ён прасіў дапамогі, але ў каго яе прасіць? У зьвяроў, якія б’юць людзей дручкамі?» — кажа Сашава сястра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 36 чалавек у камэры, разьлічанай на чацьвярых. Тры дні бязь ежыЯны напісалі заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, патрабуюць пачаць крымінальную справу. «Але мы ведаем, як гэта робіцца ў нашай краіне. Зараз усё замажуць, сфальсыфікуюць, перапішуць паперы... Нам сказалі, што на ім не было бачных сьлядоў зьбіцьця. Але яны маглі біць так, што і ня будзе бачна на целе, будуць унутраныя пашкоджаньні. Нам не паказалі яго цела ў моргу! Нам не далі ніводнай паперы аб прычыне сьмерці», — кажа маці.
Сваякі заклікаюць адгукнуцца тых, хто быў побач з Сашам ці ў аўтазаку, ці пасьля затрыманьня бачыў яго, каб даведацца праўду.
«Мы самі бегаем па ўсім горадзе і зьбіраем інфармацыю — дзе ён быў, калі... Ніякая міліцыя ці органы не дапамагаюць нам. Ведаем, што а 18-й быў суд. А прывезьлі яго ў рэанімацыю а 2-й гадзіне ночы. Дзе ён быў увесь гэты час?» — плача маці.
Цяпер яны знайшлі адвакатку, якая спрабуе дапамагчы сям'і.
«Людзі, адгукніцеся, дапамажыце нам знайсьці праўду», — просяць сваякі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Б’юць да страты прытомнасьці». Што адбываецца пасьля затрыманьня ў міліцыі