Палітоляг Глеб Паўлоўскі: «Лукашэнка цяпер непрадказальны»

Глеб Паўлоўскі

У Беларусі працягваюцца пратэсты. Яны пачаліся ў ноч на 10 жніўня, адразу пасьля закрыцьця выбарчых участкаў, і ўзмацніліся пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў выбараў прэзыдэнта, на якіх у шосты раз перамог Аляксандар Лукашэнка.

Сытуацыю ў інтэрвію для журналіста «Настоящего времени» Цімура Алеўскага камэнтуе палітоляг Глеб Паўлоўскі.

— Скажыце што-небудзь добрае, калі вы думаеце, што цяпер у гэтай сытуацыі нешта добрае можна сказаць.

— Агулам кажучы, так і выглядае размарозка сытуацыі ў Беларусі і ў Расеі. Толькі нас гэта яшчэ чакае. Гэта, увогуле, як ні страшна, добра, гэта лепш, чым тое, што было.

— Што значыць размарозка ў гэтым сэнсе?

— Размарозка людзей, якія трывалі, у своеасаблівым гіпнатычным стане прымалі гэты статус-кво. І ўспомніце, яшчэ паўгода таму спыталі б, як у Беларусі, — сказалі б: ну, глыбокая цішыня. Ёсьць нейкая маленькая апазыцыя, але што пра яе гаварыць? Ёсьць Лукашэнка, якога падтрымліваюць усе.

Цяпер ёсьць Лукашэнка, які ўжо не прэзыдэнт, якога не прызнаюць у якасьці прэзыдэнта, ёсьць патэнцыйна новы прэзыдэнт — Сьвятлана Ціханоўская, і гэта нейкі факт, які адбыўся. Ён ужо ніяк ня можа быць зьменены.

Вуліца ня можа выйграць. Вуліца ніколі не выйграе, акрамя аднаго выпадку. Адна мадэль — мадэль Літоўскага палка. Гэта і тут магчыма, калі ў Менску нейкая вайсковая частка пяройдзе на бок народу. Гэтага нельга выключаць, але гэта малаверагодна. У нашай гісторыі гэта было ў 1917 годзе, у лютым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо: Беларусы павінны атрымаць свабоды, якіх яны патрабуюць

Таму тут пачынаецца новае жыцьцё. Жахліва на гэта глядзець, немагчыма на гэта глядзець, але, што праўда, і адарвацца таксама немагчыма.

— Па-першае, гэта людзі жывыя, па-другое, гэта гісторыя дыхае.

— Бог зь ёй, з гісторыяй. Людзі бяруць свой лёс у рукі. Так, ім па руках пры гэтым моцна дадуць. Я думаю, што будзе яшчэ большая кроў. Але тут вельмі важна глядзець ня толькі на эстэтычныя рэчы, што адбываецца. Які выток жорсткасьці сілавікоў? Ён вельмі па-свойму цікавы. Яны бяруць становішча ў свае рукі. Разумееце, фармальна яны працуюць цяпер на Лукашэнку.

— Насамрэч — на сябе.

— Яны працуюць на сябе, так, дакладна. Потым яны разьлічваюць, узяўшы Беларусь у рукі, ёю гандляваць, выгадна гандляваць. І мы ведаем, хто будзе першы пакупнік. Так? Мы з вамі ведаем, хто будзе першы пакупнік, ён чакае.

— Але ён толькі гуртам купляе. Першы пакупнік, калі вы маеце на ўвазе Крэмль, купіць гуртам. Няўжо зь ім можна таргавацца?

— Правільна. Але Крэмль ня будзе дамаўляцца, калі ня бачыць гарантыяў. Яны павінны спачатку сапраўды ўзяць сытуацыю цалкам у рукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дарадца Пуціна: Беларускія сілавікі будуць дамаўляцца з Масквой без Лукашэнкі

— Гэта значыць, павінна зьявіцца нейкая рада генэралаў, або нейкі генэрал, ці нейкі чалавек, які будзе прадстаўляць ўсіх сілавікоў, якія будуць фактычна кіраваць краінай. І ён павінен прапанаваць Маскве шмат рознага ў абмен на нешта іншае.

— Так, але гэта, як той казаў, дэкаратыўны фінал. Бо спачатку трэба ўлагодзіць, як яны разумеюць, краіну.

— Утрамбаваць. Яны ж яе трамбуюць. Але гэта ж немагчыма. Клекатаць усё роўна будзе. Крэмль разумее, што ён купляе?

— Ну, будзе клекатаць, пачакайце. Вось з тым, што булькоча, сілавікі ўмеюць абыходзіцца, як яны лічаць. Паўтараю: усё яшчэ ёсьць варыянт А — гэта варыянт, што пяройдзе нейкая частка сілавых структураў у ходзе нейкіх вельмі важных размоваў, нібыта марных, якія мы бачым на экране, людзей з марсіянамі. Тым ня менш менавіта так часам і адбываецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы выступіў з трыма патрабаваньнямі да Лукашэнкі: калі гэта не дапаможа, будуць санкцыі

— Ці можа адбыцца чачэнізацыя, прабачце, Беларусі?

— Не, пачакайце, якая там чачэнізацыя? Але можа быць іншае. Для нас у Расеі небясьпечна іншае — змова. Змова Лукашэнкі з Крамлём. І вось гэтаму нельга даць адбыцца, трэба перашкодзіць. І наша грамадзкая апазыцыя, грамадзянская пазыцыя павінна перашкаджаць гэтай змове. Бо ў Крамлі ёсьць ваганьні, мы бачым іх у некаторых заявах афіцыйных асобаў. Яны баяцца зьвязацца з Лукашэнкам. А Лукашэнка будзе спрабаваць іх павязаць, як у свой час Януковіч зрабіў. І тады гэта небясьпечны варыянт, нельга даць яму [спраўдзіцца].

— Чым ён небясьпечны і што гэта за варыянт? Як гэта будзе выглядаць на практыцы, калі гэта здарыцца?

— Пуцін і так, агулам кажучы, у палоне сваіх уласных глупстваў і памылак. А тады ў яго ня будзе іншага варыянту, ён павінен будзе як бы акупаваць Беларусь пад Лукашэнку. А гэта агідная рэч, гэта будзе цалкам агідная рэч. Гэта будзе вайна з народам. І мы пасварымся яшчэ з адным народам. Дарэчы, заўважце, фармуецца палітычная беларуская нацыя. Але не на антырасейскай аснове.

— Дзіўна, так. Наагул выдатная цяпер сытуацыя для Расеі ў гэтым сэнсе. Яе не ненавідзіць ніхто, да яе нармальна людзі ставяцца. І нават некаторыя, апэлюючы, кажуць: «Ну скажыце ж вы яму, вы ж нібыта моцныя хлопцы».

— І гэта нармальны запыт, беларусы маюць права патрабаваць ад расейскай апазыцыі таго, каб яна аказала ціск на сваю ўладу. Каб яна прымусіла так ці інакш, тым ці іншым спосабам (яны ж самі крывёю плацяць, мы не крывёю плацім пакуль) Пуціна і Крэмль ня зьліцца ў экстазе з Лукашэнкам, каб мы ня ўбачылі на вуліцах Менску расейскія бронетранспартэры, вось у чым рэч.

— Яны і так нядрэнна даюць рады без расейскіх бронетранспартэраў. Я нават думаю, што расейскі АМАП, я зараз так гляджу, бо ня ведаю, як ён сябе паводзіць на Паўночным Каўказе, кажуць, гэтак жа — але ў Маскве значна мякчэй. Я проста ня ведаю, ці змогуць яны.

— Пачакайце-пачакайце, не сьпяшайцеся. Мы бачылі сёе-тое мінулым летам.

— Думаеце, убачым, такое рэальна?

— Убачым. Калі мы проста будзем гледачамі гэтага працэсу. Уся брыдота зьліецца, вядома, у адно рэчышча. І зараз вельмі важна, каб расейская апазыцыя не аздаблялася нейкімі агульнымі дэклярацыямі, тут трэба дзейнічаць. Тут грамадзянскі рух павінен быць прабеларускім рухам у дадзеным выпадку. Гэта не ўкраінскі выпадак, тут няма сытуацыі Крыму.

— Няма сытуацыі Крыму, няма сытуацыі супрацьстаяньня і крытыкі, нелюбові народу да іншай часткі народу. Гэта значыць, наагул сытуацыя абсалютна чыстая для Расеі, здаецца.

— Так. Беларускі рух пакуль, у адрозьненьне, зноў-такі, ад украінскага, які ўжо прайшоў дагэтуль шэраг этапаў, мірны.

— Да першага бронетранспартэру з Масквы, гэта зразумела абсалютна.

— Так, да першага бронетранспартэру. Таму гэтага не павінна [здарыцца].

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нехта мае абудзіць сьвет»: прэзыдэнт Польшчы і Сэйм Літвы зьвярнуліся ў ААН і да сусьветных лідэраў з прычыны падзеяў у Беларусі

— Калі вы сказалі, што сілавікі цяпер робяць краіну пад сябе, я ўявіў сабе: няма Лукашэнкі, яны перамаглі, вуліца ўтрамбаваная, і нейкія беларускія сілавікі. Як будзе выглядаць гэтая краіна, як гэта можа быць, з гледзішча вашага досьведу?

— Вы хацелі, каб не было Лукашэнкі. «Сыходзь!» Мы яго сышлі. І, вядома, хутчэй за ўсё, зьявіцца які-небудзь чалавек, як заўсёды ў такіх выпадках. Зьявіцца хунта, якая не абавязкова павінна быць публічнаю, і зьявіцца нейкі грамадзянскі ўрад з так званых тэхнакратаў.

— Дык яны ж гэтага і хочуць. Ён, дарэчы, цывільным будзе, а не вайсковым?

— Ён, хутчэй за ўсё, як я думаю, будзе цывільным, але будзе марыянэткавым, вядома.

— Але ж у Беларусі не чакаюць, што яна заўтра стане Швайцарыяй, у Беларусі чакаюць, што Швайцарыя ня будзе баяцца ўкладаць у Беларусь грошы. У іх рэальна да выбараў было дзьве прэтэнзіі: надакучыў твар і няма грошай.

— Так, так. Я памятаю гэтыя мары ў Армэніі 30 гадоў таму, калі армяне былі ўпэўненыя, што ўсе толькі і чакаюць, каб ўкласьці ў Армэнію грошы. Гэта ўсё цяжкасьці, разумееце, гэта цяжкасьці пераадольныя. Але могуць быць страшныя правалы ў самым пачатку. Калі будзе масавая кроў, мы ня можам прадказаць далейшае. Мы ня можам. А Лукашэнка непрадказальны. Вось цяпер ён сапраўды непрадказальны.