Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэс-канфэрэнцыі 12 жніўня адрэагаваў на падзеі апошніх дзён у Беларусі. Ён выклаў плян з 3 пунктаў, які ўрэгуляваў бы сітуацыю ў суседняй зь Літвою краіне, піша delfi.lt.
Кіраўнік Літвы сказаў, што перад прэс-канфэрэнцыяй гаварыў з прэзыдэнтам Латвіі.
«Я мушу канстатаваць, што сытуацыя ў Беларусі надалей выклікае вялікі неспакой, надалей ліецца кроў, людзей перасьледуюць, журналістаў саджаюць у турмы. Мы як суседзі разам зь іншымі краінамі рэгіёну шукаем спосабы вырашэньня гэтага крызісу», — сказаў ён.
«Хачу запрапанаваць плян з 3 пунктаў, які можа стаць прэлюдыяй для пасярэдніцтва прэзыдэнтаў краін рэгіёну ў вырашэньні палітычнага крызісу ў Беларусі», — сказаў літоўскі прэзыдэнт.
«Па-першае, беларускія ўладныя інстытуцыі спыняюць ужыцьцё гвалту ў дачыненьні да сваіх грамадзян і дээскалююць сытуацыю. Па-другое, беларускія ўлады павінна выпускаюць затрыманых, якіх ужо налічваюцца тысячы. І трэці пункт — Беларусь аднаўляе дыялёг са сваёй грамадзянскай супольнасьцю», — сказаў Наўседа.
Пры гэтым кітраўнік літоўскай дзяржавы зазначыў, што прыдатнай асновай для дыялогу магло б быць фармаваньне нацыянальнай рады з прадстаўнікоў улады і грамадзянскай супольнасьці.
«Гэтая рада мела б заняцца пошукам рашэньняў для выхаду з крызісу», — сказаў Наўседа.
«Калі б гэтыя пункты былі прыдатныя для пачатку дыскусіі, то прэзыдэнты Латвіі і Польшчы разам са мной згадзіліся б пасярэднічаць у справе дээскаляцыі гэтай сытуацыі», - працягнуў Наўседа.
Науседа сказаў, што пачынае вырашаць праблему мірным шляхам. Аднак ёсць і іншы варыянт.
«Думаю, мы так і павінны дзейнічаць — пачаць са спосабаў пошуку рашэньня мірным шляхам і імкнуцца вырашыць праблему найменш балючым спосабам. Але калі гэтая ініцыятыва ня будзе прынятая, можа здарыцца і так, то, вядома ж, што застануцца ўсе іншыя альтэрнатывы, пра якія цяпер вядуцца дыскусіі і ў Літве, і ў ЭЗ. Я кажу ў тым ліку і пра санкцыі — як на ўзроўні ЭЗ, так і на нацыянальным узроўні», — сказаў Наўседа.
Ён яшчэ раз падкрэсьліў, што ў першую чаргу прапануецца мірнае вырашэньне праблемы. Калі спатрэбіцца, потым пяройдуць да іншых.
Чакаюцца санкцыі на эўрапейскім узроўні
Кіраўнік літоўскай дзяржавы адзначыў, што санкцыі супраць Беларусі ў першую чаргу чакаюцца на эўрапейскім узроўні.
«Мы павінны спачатку імкнуцца да агульных санкцыяў ЭЗ. Аднак будзем рэалістамі: гэты працэс ня вельмі хуткі, і яго вынік таксама невядомы. Я магу адзначыць, што ўчорашняя размова з прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем ужо дала вынік, і ён згадаў як адно з самых хуткіх рашэньняў, якія ён можа ініцыяваць — канфэрэнцыя міністраў замежных справў, якая адбудзецца ў пятніцу.
Там будзе абмяркоўвацца пытанЬне санкцыяў, але рашэньне аб санкцыях можа быць і не прынятае. А нават калі яно і будзе прынятае, спатрэбіцца час, каб яно было канчаткова зацьверджанае», — сказаў Наўседа.
«Калі б санкцыі на эўрапейскім узроўні не былі зацьверджаныя, застаецца іншы спосаб — увесьці нацыянальныя санкцыі. Аднак усім выдатна зразумела, што іх узьдзеяньне будзе значна меншым. І яшчэ: санкцыі — гэта сродак узьдзеяньня, але вельмі сумнеўна, ці можа ўвядзеньне санкцыяў апэратыўна спыніць праліцьцё крыві, якое адбываецца цяпер», - сказаў Гітанас Наўседа.