Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала 12 жніўня заяву з заклікам спыніць мэтанакіраваны гвалт супраць прадстаўнікоў прэсы. Ня менш за 12 чалавек ня выйшлі на волю — у чым іх вінавацяць, невядома.
Паводле БАЖ, сілавікі наўмысна чынілі гвалт супраць журналістаў 11 жніўня, наўмысна шкодзілі тэхніку, канфіскоўвалі карты памяці са зьнятым матэрыялам. Такія напады былі на журналістаў Сяргея Грыца, Вадзіма Заміроўскага, Надзею Бужан, Уладзіслава Барысевіча, Сяргея Птушко, Дар’ю Буракіну, Усевалада Зарубіна, трох журналістаў BBC.
Па стане на 11.00 12 жніўня ня выйшлі на волю затрыманыя журналісты Павал Патапаў, Іван Мураўёў, Максім Бярэзінскі, Ягор Марціновіч, Тацяна Белашова, Віталь Дубік, Алена Шчарбінская, Аляксандар Пашкевіч, Аляксей Худанаў, Мікіта Целіжэнка, Вітольд Дабравольскі, Максім Швед. Міністэрства ўнутраных справаў не дае інфармацыі, дзе яны і ў чым іх вінавацяць.
«Журналісты — ня ўдзельнікі акцыяў. Згодна закону „Аб СМІ“, Канстытуцыі і міжнароднага права, яны маюць права асьвятляць акцыі», — піша БАЖ і заклікае неадкладна спыніць напады на журналістаў і іх затрыманьні, вызваліць ужо затрыманых і спыніць перасьлед.
БАЖ адсочвае сытуацыю з затрыманьнямі і нападамі на журналістаў тут.
Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічных навінаў Tut.by Вольга Лойка тым часам апублікавала асабістую заяву: журналіст — «зручная мішэнь».
«Камізэлька, бэйдж, пашпарт, рэдакцыйнае пасьведчаньне і заданьне. Надпіс „Прэса“ на грудзях, на сьпіне, толькі што не на лбе. Ты падпісаны і пазначаны з усіх бакоў, але гэта не проста нічога не гарантуе. Хутчэй наадварот. Ты — мішэнь. Лёгкая і зручная», — піша яна пра падзеі апошніх дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэці дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае. Фота, відэаПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.