Прэм’ер Раман Галоўчанка кажа пра стымуляцыю накапляльных пэнсій. Разьбіраемся, што з пэнсійнай сыстэмай цяпер і што яе чакае ў будучыні.
«Урад цяпер думае над тым, як стымуляваць рост удзелу грамадзян у добраахвотных накапляльных праграмах. Каб людзі больш актыўна адкладалі сабе на пэнсію», — сказаў Раман Галоўчанка 6 жніўня, ягоныя словы цытуе БелТА.
Раней пра «добраахвотна-прымусовую» накапляльную пэнсію выказаўся намесьнік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў у інтэрвію часопісу «Финансы. Учёт. Аудит»
. «На дзяржаўным узроўні патрабуецца плаўна далучаць людзей да таго, каб яны ня толькі разьлічвалі на дапамогу дзяржавы ў сталым веку, а разумна назапашвалі сродкі. Магчыма, нават варта зрабіць гэтую сыстэму добраахвотна-прымусовай», — падсумаваў Юрый Селіверстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абяцае падняць заробкі ўдвая за 5 гадоў. Наколькі гэта рэальна і колькі праглыне інфляцыяЧаму ўзяліся за пэнсіі
Пэнсіі ў Беларусі плацяцца з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва — гэта адлічэньні ад тых, хто працуе. Гэтых грошай на пэнсіі стабільна не хапае.
Пэнсійная рэформа 2017 году, калі ўзрост выхаду на пэнсію павышаўся з 2017 па 2020 год, дазволіла палегчыць нагрузку на бюджэт толькі часткова. Цяпер у Беларусі 2,5 мільёна пэнсіянэраў, а колькасьць грамадзян, якія працуюць і не атрымліваюць пэнсіі, увесь час зьніжаецца.
Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, у Беларусі быў рэгулярны дэфіцыт пэнсійнага фонду — калі недахоп пакрываецца зь бюджэту.
«Пэнсійная рэформа аблягчыла нагрузку на пэнсійны фонд, але ён застаўся дэфіцытным. Дэфіцыт будзе нарастаць, бо пэнсіянэраў становіцца больш, а тых, хто працуе, менш. Адсюль растуць ногі, што дзяржава пачынае прызнаваць, што годны ўзровень жыцьця для пэнсіянэраў пры цяперашняй сыстэме забясьпечыць немагчыма», — лічыць Вадзім Іосуб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За Рыгоравіча расьпісалася...» Першы дзень датэрміновага галасаваньня на радзіме Лукашэнкі
Пэнсія і выбары
Сацыяльныя гарантыі, у тым ліку пэнсія, — гэта тое, чым заўжды хвалілася цяперашняя беларуская ўлада. Але менавіта перад выбарамі ў адкрытую пачалі гаварыць, што гэтая сфэра патрабуе рэформаў.
Паводле палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, прапановы наконт пэнсіяў наўпрост з выбарамі не зьвязаныя, бо «ўрад робіць сваю справу без аглядкі на выбары».
«Грошай нестае, і іх будзе яшчэ менш, таму неяк спрабуюць мяняць гэтую сыстэму, падключаць да гэтага само грамадзтва. Але беларусы не прызвычаіліся самі сабе пэнсію плаціць. Ня думаю, што гэта зьвязана з выбарамі. Урад займаецца сваёй справай. Бачаць, што грошай няма, і пра гэта кажуць», — мяркуе Валер Карбалевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка анансаваў пэнсійную рэформу — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў
Ці дапамогуць накапляльныя пэнсіі
У Беларусі не такія высокія заробкі, каб адкладаць самім сабе на пэнсію. І няясна, ува што ўкладаць грошы, каб накапіць на пэнсіі, — зьвяртае ўвагу Вадзім Іосуб.
«Каб сродкі маглі ўдоўгую інвэставацца, павінен быць нармальны ліквідны фондавы рынак. Але ў нас гэтага няма. Адзіны шлях, куды могуць накіроўвацца грошы, — дзяржаўныя аблігацыі. То бок дзяржава зьбірае грошы і абяцае даходнасьць. Але платаздольнасьць Беларусі ў доўгай пэрспэктыве выклікае пытаньні», — кажа Вадзім Іосуб.
Пры такой сыстэме накапленьня чалавек пазычае грошы дзяржаве — з умовай, што грошы прынясуць прыбытак і гэтага пасьля хопіць на пэнсію. Але, паводле Вадзіма Іосуба, прагназаваць разьвіцьцё беларускай эканомікі на такі доўгі тэрмін немагчыма.
«Праблемы з існуючай сыстэмай ёсьць, і альтэрнатыва патрэбная, але нізкія даходы і адсутнасьць фондавага рынку замаруджваюць гэтую ідэю», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.
Такім чынам, рэфармаваць пэнсійную сыстэму варта, але як гэта зрабіць пры нестабільнай эканоміцы і адсутнасьці фондавага рынку, — незразумела.