У пасланьні да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка паабяцаў рост заробкаў удвая ў наступную пяцігодку. Ці гэта рэальна, разьбіраемся з экспэртам.
Узровень інфляцыі ў Беларусі за мінулы год склаў 4,7%. Гэта значыць, настолькі скараціўся аб’ём тавараў і паслуг, якія можа сабе дазволіць чалавек набыць на тую ж суму. І гэта рэкордны ўзровень інфляцыі за апошнія гады.
Напрыклад, у 2011 годзе інфляцыя была 108,7%. Толькі за адзін год. Калі ў наступную пяцігодку будзе такая ж, хай сабе нават не за адзін год, а за ўсе пяць, яна зьнішчыць усё павышэньне.
Старшы фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб, зважае, што Лукашэнка не сказаў, ці гаворка пра заробак у рэальным вымярэньні і з улікам інфляцыі, ці не.
«Наша эканоміка будзе менш прадказальнай. У апошнія гады мы выйшлі на гістарычны мінімум інфляцыі. Ня факт, што гэтая тэндэнцыя працягнецца. Зьніжэньня дасягнулі за кошт макраэканамічнай стабілізацыі і за кошт высокай незалежнасьці Нацбанку. Цяпер мы бачым адкат па гэтых франтах, у чэрвені кіраўнік дзяржавы сказаў зьнізіць працэнтную стаўку рэфінансаваньня, дырэктыўнае крэдытаваньне ня зьменшылася», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.
Паводле эканаміста, нарастае праблема неэфэктыўных прадпрыемстваў, у далёкай пэрспэктыве абвострыцца пытаньне зьнешняга доўгу.
«З асноўным крэдыторам, Расеяй, нам ня моцна шанцуе. Цяперашняя палітычная напружанасьць ня будзе спрыяць фінансаваньню. Золатавалютных рэзэрваў хопіць на 2 гады, каб гасіць зьнешнія даўгі. Зазіраць на пяцігадовы гарызонт нельга нават прыкладна», — рэзюмуе Іосуб.
У сярэдзіне 90-х у год заробкі маглі расьці ўтрая, прыгадвае Іосуб, але народ станавіўся бяднейшы.