Каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай з Мастоўскага раёну Аляксандра Мілюка, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа, асудзілі за «дробнае хуліганства» на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Пастанову прыняў суд Мастоўскага раёну 7 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мастах пачалі судзіць актывіста штабу Ціханоўскай. Што ня так з судомМілюка прызналі вінаватым у тым, што парушаў грамадзкі парадак, чапляўся да грамадзянаў, нецэнзурна лаяўся ў Мастах 3 ліпеня.
Справу разглядаў судзьдзя Дзьмітры Цівунчык. Пацярпелым у справе праходзіў грамадзянін Расеі Валянцін Жураўлёў. Сьведкамі выступілі супрацоўнікі ДАІ Віталь Пляскач і Драбіновіч, а таксама ідэоляг Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Дзяйкала.
Па словах Жураўлёва, ён пераблытаў Мілюка зь іншым чалавекам, які павінен быў яму грошы, таму пачаўся канфлікт на вуліцы. Мілюк сваёй віны не прызнаў цалкам.
Жураўлёў ужо адсядзеў у сувязі з гэтай ж сытуацыяй за дробнае хуліганства 15 дзён.
Што адбывалася раней?
Гісторыя пачалася месяц таму і складаецца зь некалькіх частак.
Аляксандру Мілюку 34 гады, ён жанаты, мае трох сыноў ад 3 да 12 гадоў. Працуе зваршчыкам у Мастоўскім ПМК. Раней быў судзімы за махлярства, судзімасьць пагашаная. Сёлета зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу ня быць скотам». Даведаліся, чым скончылася затрыманьне шматдзетнага бацькі ў Мастах, які зьняў правакацыю супраць сябе на відэа3 ліпеня ён ішоў дадому з малым сынам. На вуліцы да яго прычапіўся незнаёмец, абражаў, прасіў грошы. Мілюк пачаў здымаць правакацыю на відэа.
Побач спыніліся супрацоўнікі ДАІ, выклікалі міліцыю, сказалі абодвум мужчынам праехаць у РАУС для разбору. Мілюк меўся быць ці сьведкам, ці пацярпелым. Але ён адмаўляўся ехаць з малым сынам. Урэшце ягоная жонка прыехала і забрала дзіця, а Аляксандра завезьлі ў пастарунак. Міліцыянты казалі яму, што хочуць скласьці на яго адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
6 ліпеня стала вядома, што Мілюка шпіталізавалі з каранавірусам. Яшчэ 3 ліпеня яму стала блага, ён пачаў задыхацца, падскочыў ціск і паднялася тэмпэратура.
8 ліпеня міліцыянты паведамілі, што Мілюк не затрыманы, а арыштам за дробнае хуліганства пакаралі ягонага апанэнта. Пазьней стане вядомае імя апошняга — Валянцін Жураўлёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У міліцыі сказалі, што шматдзетнага бацьку, які зьняў правакацыю на відэа, не затрымлівалі15 ліпеня Мілюк атрымаў пастанову пракуратуры ад 7 ліпеня, зь якой вынікае, што падрыхтоўку адміністрацыйнай справы супраць Мілюка за дробнае хуліганства прыпынілі, справу адновяць, калі зьнікнуць «падставы для прыпыненьня».
У той жа дзень да Мілюка на самаізаляцыі прыйшлі міліцыянты і паведамілі, што ў дачыненьні да яго вядзецца праверка паводле крымінальнага артыкулу 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Правялі агляд жытла. Аказалася, што на Мілюка напісалі заявы міліцыянты Мастоўскага РАУС Аляксей Літаш і Яўген Кудрашоў, нібыта ён іх абразіў падчас вулічнага канфлікту 3 ліпеня. У Мілюка забралі мабільны тэлефон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянты з Мастоў напісалі на шматдзетнага бацьку заяву пра абразу3 жніўня пачаўся суд над Мілюком за дробнае хуліганства. Паводле пратаколу, 3 ліпеня Мілюк у горадзе Масты чапляўся да грамадзян, нецэнзурна лаяўся, чым выказаў непавагу да грамадзтва.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.