У Сьветлагорску 3 жніўня прайшоў суд над актывістамі Юліяй Дудко і Арцёмам Данілавым. 1 жніўня яны прыйшлі ў РАУС, каб даведацца пра лёс сяброў, затрыманых раней, — і іх таксама затрымаў АМАП.
Як сказала Свабодзе праваабаронца Алена Масьлюкова, суд прайшоў у будынку РАУС. На паседжаньне нікога не пусьцілі, у тым ліку маці Юлі Дудко.
«Мы зранку чакалі паседжаньня ў судзе. Потым выпадкова даведаліся, што судзьдзя паехаў у РАУС, каб там разглядаць пратаколы. Нас у РАУС не пусьцілі. Вусныя скаргі маці Юлі Дудко ў пракуратуру і міліцыю не дапамаглі. Мы даведаліся толькі вынік — 10 сутак Юлі і 15 — Арцёму», — паведаміла праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Светлагорску АМАП затрымаў людзей, якія прыйшлі ў міліцыю даведацца пра лёс сяброўЗ 29 ліпеня ў Сьветлагорску шукаюць падпальшчыкаў аўтамабіля аднаго зь мясцовых чыноўнікаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ноччу 28 ліпеня згарэла аўто намесьніка старшыні райвыканкаму Канстанціна Пятроўскага. Міліцыя затрымлівае раварыстаў, актывістаў, удзельнікаў тэлеграм-чату «Сьветлагорск для жыцьця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аблавы, вобшукі, затрыманьні». Як у Сьветлагорску шукаюць падпальшчыкаў аўтамабіля супрацоўніка райвыканкаму