Былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала вечарам 30 ліпеня даў інтэрвію расейскаму «РИА Новости». Тэкст інтэрвію на раніцу 31 ліпеня не апублікаваны, але пра яго расказала «Радио Sputnik».
Валер Цапкала назваў «камэдыяй і цыркам» затрыманьне расейцаў пад Менскам. Ён перакананы, што ім не пагражае турэмнае зьняволеньне ў Рэспубліцы Беларусь або выдача ва Ўкраіну, якой патрабуюць прэзыдэнт Украіны і СБУ. Адразу пасьля выбараў іх вызваляць, мяркуе ён.
У інтэрвію «РИА Новости» Цапкала выказаў здагадку: калі затрыманыя сапраўды найміты, то наняў іх сам Лукашэнка, «заплаціў, каб яны месяц пасядзелі ў турме». Цапкала зьвярнуў увагу на тое, што мужчыны пасяліліся ў дзяржаўным санаторыі, па сваіх дакумэнтах, не хаваліся.
Пра затрыманьне ў Беларусі 33 чалавек, якіх улады называюць баевікамі расейскай ПВК «Вагнэр», дзяржаўныя СМІ паведамілі 29 ліпеня. Афіцыйна сьцьвярджаецца, што іх падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў.
Валер Цапкала 24 ліпеня расказаў, што зь дзецьмі зьехаў у Расею, бо да яго «паступіла інфармацыя», што яго рыхтуюцца арыштаваць, а пракуратура цікавілася ягонымі дзецьмі. Яго жонка Вераніка засталася ў Беларусі, удзельнічае ў кампаніі кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ні вайскоўцаў, ні памежнікаў не відаць на беларуска-расейскай мяжы, — Tut.by ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС РФ: «Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрыманьня 33 грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі»