Ваўкавыская міліцыя правяла агляд жытла сама меней дваіх чальцоў ініцыятыўнай групы для вылучэньня Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты, піша Tut.by. Агляд праходзіў у межах адміністрацыйнай справы за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП).
Агляд правялі ў прадпрымальніка Аляксандра Навасада, расказаў яго знаёмы, а таксама ў Тамары Бясько. Таксама міліцыянты прыйшлі ў кавярню, якой валодае Навасад.
Навасада вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак апоўначы 28 ліпеня — «у міліцыю па гэтым факце прыйшла ананімка». Паводле ягонага знаёмага, у доме Навасада нібыта знайшлі 600 улётак.
У Бясько праводзілі агляд дома ў сувязі з распаўсюдам улётак той жа ноччу — у яе канфіскавалі ўлёткі ў падтрымку кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай і матэрыялы кампаніі «Честные люди».
Сама Тамара Бясько сьцьвярджае, што рабіла ўсё паводле закону, а ўлёткі раздавала ня ноччу, а раніцай, і толькі дзьве — у мясцовым аддзяленьні пошты і ў краме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У берасьцейскую міліцыю падалі заяву наконт распаўсюду ўлётак з дыскрэдытацыяй кандыдаткі Ціханоўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне здаў аднавясковец». Хлопец, які выбачаўся за ўлёткі «3%», расказаў пра пагрозы і падман з боку міліцыянтаў