Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскаму прысудзілі штраф за парушэньне правілаў дарожнага руху. На суд прыехала яго жонка Сьвятлана. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская і прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага каля будынку ДАІ на вуліцы Дзяржынскага ў Менску, дзе мусіў адбыцца разгляд справы
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская і прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага каля будынку ДАІ на вуліцы Дзяржынскага ў Менску, дзе мусіў адбыцца разгляд справы

27 траўня на пікеце ў Магілёве блогер Сяргей Ціханоўскі выйшаў на праежджую частку, — сьцьвярджаецца ў пратаколе ДПС.

27 ліпеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы блогера Сяргея Ціханоўскага за парушэньне правілаў дарожнага руху для пешаходаў (па артыкуле 18.23 КаАП). Па выніках суду Сяргея Ціханоўскага аштрафавалі на 81 рубель за парушэньне ПДР для мінакоў.

Паводле адвакаткі Натальлі Мацкевіч, якая абараняла Ціханоўскага, ён віны не прызнаў, пастанова будзе абскарджаная.

«Сяргей выглядае нармальна, перадаваў прывітаньне жонцы, дзякаваў за падтрымку», — сказала адвакатка.

Пратакол ДАІ разглядалі ў СІЗА на Валадарскага. У разглядзе браў удзел супрацоўнік ДАІ, імя якога адвакатка не назвала.

Прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага ля будынку ДАІ на вуліцы Дзяржынскага
Прыхільнікі Сяргея Ціханоўскага ля будынку ДАІ на вуліцы Дзяржынскага

Да пачатку суду дзясяткі людзей прыйшлі да будынка ўпраўленьня ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, дзе, як чакалася, мае адбыцца разгляд справы, каб падтрымаць Сяргея Ціханоўскага.

Калі зьявілася жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі, разам з адвакатамі Натальляй і Віктарам Мацкевічамі, адзін з супрацоўнікаў ДАІ паведаміў адвакатам, што разгляд справы адбываецца ў СІЗА на Валадарскага.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Адвакаты Ціханоўскага паехалі ў сьледчы ізалятар №1 на Валадарскага, дзе знаходзіцца Сяргей. Да будынку СІЗА прыехала і Сьвятлана Ціханоўская.

«Падтрымка людзьмі Сяргея пераключылася на мяне, і яна калясальная», — сказала карэспандэнту Свабоды Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская каля СІЗА на вуліцы Валадарскага
Сьвятлана Ціханоўская каля СІЗА на вуліцы Валадарскага

Яна назвала чарговы суд над яе мужам «прадстаўленьнем» і абурылася дзеяньнямі міліцыі. Паводле Ціханоўскай, яе мужу раней перадалі на «Валадарку» новы тэлевізар, але потым ёй сказалі, што тэлевізар няспраўны.

«Цяпер мусім адвезьці яго ў краму на праверку, хоць я перакананая, што тэлевізар быў спраўны. Гэта ўсё рэчы з аднаго шэрагу, каб ускладніць ягонае жыцьцё ў турме», — сказала Ціханоўская.

Па яе зьвестках, Сяргею Ціханоўскаму перадалі ў СІЗА больш за сотню лістоў, напісаных людзьмі ў яго падтрымку, але гэта толькі малая частка таго, што яму пішуць.

«Мяркую, тут кожны дзень машынамі мусяць прывозіць лісты», — сказала Сьвятлана.

Сёньня яна атрымала паведамленьне з Маскоўскага раённага суду, што чарговы суд па скарзе Ціханоўскага на дзеяньні кіраўніцтва Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна прызначаны на 4 жніўня, час — 10.20.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG