Менгарвыканкам апублікаваў 29 ліпеня відэа запуску пробнага цягніка на трэцяй лініі менскага мэтро. Тэхнічны запуск прайшоў пасьпяхова.
Дакладную дату адкрыцьця лініі не называлі. Але тыдзень таму галоўны інжынэр «Менскпраекту» Віктар Палішчук казаў, што ўвесьці ўчастак з чатырох станцыяў плянуюць «летам, да Дня будаўніка».
Дзень будаўніка адзначаюць у Расеі і некаторых іншых краінах былога СССР у другую нядзелю жніўня. Сёлета другая нядзеля выпадае на 9 жніўня — дзень выбараў прэзыдэнта.
Першапачаткова адкрыцьцё трэцяй лініі плянавалі зладзіць 3 ліпеня, ды адклалі, бо «завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы». Намесьнік генэральнага дырэктара ў ідэалягічнай працы «Менскмэтрабуду» Алег Байчук у чэрвені казаў, што «7 або 8 ліпеня пройдзе пробны цягнік» — той прайшоў на тры тыдні пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўнікі менскага мэтро паказалі, як выглядаюць станцыі 3-й лініі за два месяцы да пуску. ФОТАПершымі на трэцяй лініі адкрыюць станцыі «Вакзальная» (перасадка на станцыю першай лініі «Плошча Леніна», што пад плошчай Незалежнасьці), «Кавальская Слабада», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча» (перасадка на станцыю другой лініі «Фрунзэнская». Пасьля лінію зьбіраюцца павесьці на поўдзень, у раён колішняга аэрапорту і жылога комплексу «Менск Мір» і на паўднёвы выезд з гораду, між раёнамі Лошыца і Курасоўшчына.
Асаблівасьць усёй 3-й лініі мэтро — засьцерагальныя экраны з аўтаматычнымі дзьвярыма. Яны будуць адчыняцца адначасова зь дзьвярыма цягніка, які прыходзіць на станцыю.