Аляксея Караткова ўчора затрымалі каля КДБ. На гадзіньніку было 16.30, калі Аляксей падышоў да бюро прапускоў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Тут выстраілася чарга з ахвотных перадаць уласнае паручальніцтва за зьмену меры стрыманьня для былога прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі.
У аўтазаку стаялі па чарзе
Да чаргі пад’ехаў бусік, зь яго выскачылі людзі ў чорным — амапаўцы.
«Адзін мой сябра ўцёк, другі, як я, застаўся і таксама быў затрыманы. А чаго было ўцякаць, што мы парушалі? Тым больш ніхто з амапаўцаў не назваўся, не сказаў, што мы нешта парушаем, а проста пацягнулі ў гэты бус. Нас там чалавек 5 гэтак затрымалі», — кажа Аляксей.
З бусіка ён выйшаў ужо праз пару хвілін, але не на волю, а ў аўтазак, які быў прыпаркаваны ў дворыку будынку міліцыі побач з будынкам КДБ.
«Там сядзелі хвілін 30. Станавілася ўсё горш, бо дзень быў сьпякотны, а яны яшчэ завялі машыну і ўключылі печку», — абураецца Аляксей. Але ён ня мог уявіць, якім выпрабаваньнем стане знаходжаньне ў наступным аўтазаку, дзе было больш за 20 затрыманых.
«Нас напхалі столькі, што па чарзе стаялі: спачатку адны на адной назе, другія на дзьвюх, потым мяняемся», — згадвае малады чалавек.
Прыкладна праз гадзіну Аляксея зь іншымі затрыманымі прывезьлі ў райаддзел міліцыі, ён нават не ведаў, у які (Ленінскі. — РС).
«Там інтэрнаты наргасу побач. Як прывезьлі, пачалося цікавае разьмеркаваньне: каго затрымліваў АМАП, як мяне, — да аднаго міліцыянта, каго супрацоўнікі ў цывільным — да іншага. Разьмеркавалі і перавялі пад навес. Дождж пачаўся, чакаем. Тады пачалі выклікаць па адным на гутарку. Здымае камэра, пытаюцца пра дадзеныя, фатаграфуюць фас, профіль. Потым хвілін 40 сядзелі ў залі зь мяккімі крэсламі. Зноў пачалі выклікаць па адным. Першых трох выклікалі і, як стала вядома пазьней, усіх адправілі на Акрэсьціна, будуць даваць суткі. А іншых пачалі выпускаць, мяне таксама выпусьцілі», — кажа Аляксей Караткоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля КДБ затрымалі журналістаў і дзясяткі ахвочых паручыцца за Бабарыку. ФОТА
«Ёсьць толькі адна краіна, дзе я адчуваю сябе добра»
«Улада баіцца большага — што людзі перастануць яе баяцца», — мяркуе Аляксей.
«Чарга да КДБ паказвала, што мы не баімся зьвяртацца ў структуру, да якой зьвяртацца нібыта нельга па вызначэньні, якая служыць толькі Лукашэнку, ягонай уладзе. А гэта ўжо дэсакралізацыя ўлады.
Аднак усе дзяржструктуры мусяць працаваць на народ. Гэта самае важнае, таму я вырашыў там застацца. Лукашэнка запалохвае, абяцае рэпрэсіі простым грамадзянам, журналістам. Але трэба, як кажа Калесьнікава, „дзяўбці і дзяўбці гэтую ўладу“, і вынік будзе», — тлумачыць сваю пазыцыю Аляксей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тых, хто хацеў паручыцца за Бабарыку, з будынку КДБ забіралі ў пастарунакАляксей не зьбіраецца паўтараць спробу самому занесьці сваё паручальніцтва за Бабарыку ў КДБ.
«Адпраўлю поштай, а яшчэ варта параіцца са штабам Бабарыкі, куды напісаць скаргу за ўчорашняе затрыманьне. Можа, у Сьледчы камітэт ці ў пракуратуру — вырашым», — кажа ён.
Аляксею Караткову 24 гады, ён працаваў праграмістам, а цяпер спрабуе запусьціць у Беларусі ўласны ІТ-праект.
Аляксей Караткоў сказаў, што зь Беларусі зьяжджаць не зьбіраецца нават у выпадку, калі на выбарах Лукашэнка захавае сваю ўладу.
«Ёсьць толькі адна краіна, дзе я адчуваю сябе добра, — гэта тут. Бо тут і родныя людзі, і сябры. Можна зьехаць павандраваць, паглядзець краіны сьвету, але сталай эміграцыі для сябе не ўяўляю. Проста ня думаю, што змагу дзесьці інтэгравацца, а ламаць сябе праз калена ня хочацца, эміграцыя — як губляць частку сябе. Сярод маіх знаёмых шмат тых, хто хацеў бы зьехаць, але ня я», — сказаў Аляксей Караткоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На хвілінку стала страшна». Айцішнік пра спробу аднесьці ў КДБ паручальніцтва за Бабарыку