Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру «Вясна», ня менш за 13 чалавек затрымалі ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Менску. Тады праваахоўнікі разганялі людзей, якія выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
Справы завялі паводле трох артыкулаў: «супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў» (арт. 363 КК РБ), «гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (арт. 364) і «арганізацыя і ўдзел у парушэньні грамадзкага парадку, спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням» (арт. 342).
Абвінавачаньні ім яшчэ ня выставілі, нумары артыкулаў толькі меркаваныя. Праваабаронцам вядомыя дзевяць імёнаў фігурантаў гэтых крымінальных справаў.
- Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).
- Уладзіслаў Усьцін (арт. 364 КК).
- Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК).
- Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК).
- Спартак Сірэнка (арт. 342 КК).
- Ілля Туркоў (арт. 364 і ч. 1 арт. 342 КК).
- Яўген Каліноўскі (папярэдне, арт. 364 КК і ч.1 арт. 342 КК).
- Ілля Фрэнь (ч.1 арт. 342 КК).
- Глеб Гатоўка (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).
Імёны яшчэ чатырох затрыманых не называюць.
Апошні затрыманы на гэты момант — Ільля Фрэнь, якога 29 ліпеня затрымалі на падставе артыкулу 342 за «арганізацыю і ўдзел у парушэньні парадку». Раней з-пад арышту ня выйшлі Спартак Сірэнка і Глеб Гатоўка, якіх спачатку пакаралі «суткамі» у адміністрацыйных справах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заставайся ў бясьпецы»: праваабаронцы зрабілі для беларусаў сайт-памятку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Зьмітра Фурманава, блізкія якога галадаюць ля менскага СІЗА, перавялі ў Жодзіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тых, хто хацеў паручыцца за Бабарыку, з будынку КДБ забіралі ў пастарунакПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.