З тэхнічных прычынаў мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Асіповічах, заплянаваны на 29 ліпеня на стадыёне «Алімпіец», скасоўваюць, паведаміў штаб Віктара Бабарыкі, які аб’яднаў сілы зь Ціханоўскай.
Штаб спадзяецца, што гэта зробіць «толькі круцейшай» наступную сустрэчу кандыдаткі — вялікі мітынг-канцэрт у менскім парку Дружбы народаў, які пачнецца 30 ліпеня а 18:00. Падтрымаць кандыдатку абяцаюць гурты B:N:, Litesound, PyLai і Loudscage, сьпевакі Лера Яскевіч, Сяргей Kosmas і Alexander Kiss. Вядоўцамі будуць Павал Касьцевіч і Арцеміс Ахпаш.
Акрамя таго, на 29 ліпеня анансавалі сустрэчу з даверанымі асобамі Ціханоўскай у Баранавічах — з 18 да 20 гадзінаў у парку 30 гадоў ВЛКСМ, што на вуліцы Камсамольскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другія выступы кандыдатаў. Хто якія задачы вырашаеІншы кандыдат, лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, 29 ліпеня плянуе наведаць Чэрвень, Бярэзань, Бялынічы, Быхаў і Магілёў, у наступныя дні — Маладэчна, Калодзішчы, Жодзіна, Крупкі, Воршу і іншыя гарады.
Кандыдат Сяргей Чэрачань раней вырашыў адмовіцца ад пікетаў, але працягвае агітацыю за сябе ў іншых фарматах.
Кандыдатка Ганна Канапацкая вырашылі праводзіць замест пікетаў сустрэчы з выбарнікамі на прадпрыемствах, але даты і месцы пакуль не анансавала. Сустрэчы з выбарнікамі дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі не анансуюць загадзя.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.