«Аналітычны цэнтар EcooM» прадставіў на дзяржаўным тэлеканале АНТ вынікі другога дасьледаваньня электаральных настрояў беларусаў, праведзенага на замову каналу.
Паводле цэнтру, 23–27 ліпеня па тэлефоне апыталі 1879 рэспандэнтаў, статыстычная хібнасьць не перавышае 4%. Вынікі такія:
- галасаваць на выбарах зьбіраюцца 89,5% (два тыдні таму было 87,3%);
- да датэрміновага галасаваньня «агулам станоўча» ставяцца 61,4%;
- узровень даверу Лукашэнку складае 78,1%;
- на выбарах Лукашэнку гатовыя падтрымаць 72,3% (два тыдні таму было 69,4%);
- найбольш папулярны альтэрнатыўны кандыдат — Сьвятлана Ціханоўская, яе гатовыя падтрымаць 7,5% (было 2,2%);
- падтрымаць іншых апазыцыйных кантыдатаў гатовая доля людзей, меншая за статыстычную хібнасьць: Канапацкую — 1,6% (было 1,5%), Дзьмітрыева — 0,7% (было 0,3%), Чэрачня — 0,2% (было 0,8%);
- яшчэ ня могуць адказаць, каго хацелі б падтрымаць на выбарах, 10,9% (два тыдні таму было 6,4%), проста не захацелі адказваць 3,1% (было 6,1%), супраць усіх — 3,7% (было 3,5%);
- 65,4% апытаных найбольш давяраюць тэлевізійным СМІ, 43,2% — інтэрнэт-СМІ, 25,7% — сябрам, знаёмым і родзічам;
- 62,8% маюць аптымістычны настрой перад выбарамі, заклапочанасьць і няўпэўненасьць у будучыні выказваюць 17,2%, а 5,5% абыякавыя.
EcooM вядомы падтрымкай дзейных уладаў і адкрытым выказваньнем сымпатыяў дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі з боку кіраўніка — Сяргея Мусіенкі. Напрыклад, у 2016 годзе кіраўнік EcooM «раіў» АБСЭ прызнаць вынікі парлямэнцкіх выбараў, перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 году хваліў Лукашэнку за «збліжэньне Беларусі і ШАС». Падчас галасаваньня на выбарах 2010 году EcooM апублікаваў вынікі экзыт-полаў (паводле іх, за Лукашэнку прагаласавалі 79,1% апытаных), а ЦВК не пабачыла ў гэтым парушэньняў.
Ці будзе праводзіць EcooM экзыт-полы на сёлетніх выбарах, невядома: пакуль анансавалі толькі экзыт-полы ад праўладнай арганізацыі БКМА.
Звычайна на выбарах у Беларусі не дазваляюць праводзіць экзыт-полы і электаральныя дасьледаваньні непраўладным установам і заходнім кампаніям. Раней інтэрнэт-рэсурсы праводзілі свае апытаньні аб рэйтынгу прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду. У іх Аляксандар Лукашэнка набіраў 3–6%, але пазьней такія апытаньні СМІ рабіць забаранілі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.